З-за цяжкасцей з атрыманнем беларускай візы за апошнія тры гады ў Беларусі не пабываў ніводзін індыйскі турыст. Аб гэтым паведаміў пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці на прэс-канферэнцыі ў Мінску 13 жніўня.

«Мы выдаем у Беларусі прыкладна 5000 турыстычных віз у Індыю кожны год. І няма ніякіх асаблівых патрабаванняў: вы купляеце білет, прыносіце пашпарт і атрымліваеце візу», — сказаў Бхарці. Кошт індыйскай візы складае 40 долараў.

Аднак, паводле слоў дыпламата, атрымаць беларускую турыстычную візу ў Індыі вельмі цяжка. «Па-першае, неабходна запрашэнне ад кагосьці з Беларусі або пакет паслуг або аплачаных паслуг турфірмы, якая ўсё арганізуе. І толькі з гэтымі дакументамі можна ісці ў пасольства. Зразумела, індусы нічога гэтага не робяць. Калі ў іх ёсць выбар, то навошта ўсім гэтым займацца, калі можна проста купіць білет у Тайланд і паехаць. Іншымі словамі, атрыманне беларускай візы становіцца дадатковай праблемай», — адзначыў пасол Індыі. 

«За тры гады, што я працую ў Беларусі, я не бачыў ніводнага індыйскага турыста. Хто б ні прыязджаў з Індыі — гэта або чыноўнік, або прыехаў па запрашэнні члена сям'і. Але ніводзін проста турыст з Індыі, наколькі мне вядома, не прыязджаў у Беларусь. Напэўна, тут трэба штосьці мяняць або спрашчаць», — падкрэсліў Манодж Кумар Бхарці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?