Віктар Гайсёнак

Беларусь увайшла ў групу краін з высокім індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік міністра замежных спраў Віктар Гайсёнак на прэзентацыі даклада аб развіцці чалавека 2007/2008 «Барацьба са змяненнем клімату: чалавечая салідарнасць у падзеленым свеце».

Ён адзначыў, што ўсе краіны ў спісе падзяляюцца на тры групы — з высокім, сярэднім і нізкім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу.

«Для Беларусі гэта вялікае дасягненне. У бягучым годзе ў параўнанні з папярэднім рэспубліка ўзнялася на 10 пунктаў», — сказаў Віктар Гайсёнак.

Цяпер Беларусь займае 64‑е месца сярод 177 краін. Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу для нашай рэспублікі складае 0,804. Пры яго вызначэнні бярэцца пад увагу працягласць жыцця, узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва, ВУП на душу насельніцтва.

Паводле слоў намесніка міністра замежных спраў, у спісе краін, у якіх вызначаўся індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу, ёсць дзяржавы, дзе ВУП на душу насельніцтва вышэйшы, чым у Беларусі, аднак яны размешчаны ніжэй у спісе.

«Гэта значыць, што ў такіх краінах на павышэнне і на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва накіроўваецца недастаткова сродкаў», — дадаў ён.

БЕЛТА

***

Яраслаў Раманчук

«Не сказаў бы, што гэта прарыў. У 2005‑м годзе, напрыклад, Беларусь была на 67‑м месцы, а ў 2004‑м, калі і заробкі беларусаў былі меншымі за 200 даляраў, і пэнсіі меншымі за 100 даляраў, на 62‑м. Гэта гаворыць пра тое, што такі паказьнік як індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу нельга абсалютызаваць.

Каб рэальна ацэньваць нашы дасягненьні, варта параўноўваць дынаміку разьвіцьця гэтакага паказьніка па у іншых краін… На пачатку 1990‑х гадоў мы стаялі ў рэйтынгу побач з Эстоніяй, Літвой, Польшчай. Цяпер Польшча знаходзіцца на 37‑м месцы, Літва — ан 43‑м, Эстонія — на 44‑м, а мы на 20 пунктаў ніжэй».

Паводле Zautra.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0