Беларуска Валянціна, якая чакае разам з іншымі грамадзянамі нашай краіны канца света ў Пензенскай вобласці, кажа, што калі Аляксандр Лукашэнка прыедзе ў сяло Нікольскае, то ўсе беларускія затворнікі кінуцца яму ў ногі.

Нагадаем, што днямі беларусак, якія не паспелі патрапіць у пячору да сектантаў, безвынікова пераконвалі вярнуцца дадому дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на чале з Мікалаем Дубовікам. Паводле сектантак, беларускія дэпутаты паведамілі ім, што сваімі дзеяннямі жанчыны вельмі крыўдзяць і ганьбяць на ўвесь свет прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Але сектанткі кажуць, што ніколі не жадалі благога Лукашэнку:

«нам вельмі шкада, што бацька там, у Беларусі, за нас так сумуе».

У размове з карэспандэнтам расійскай «Комсомольской правды» сястра Валянціна зазначыла, што калі б Лукашэнка прыехаў сюды «мы б усе кінуліся яму ў ногі». Сектанткі паведамілі, што любяць прэзідэнта і тыя беларусы (10 чалавек), якія сядзяць у пячоры:

«Ды ў нас за яго кожны жыццё аддасць!».

Акрамя Лукашэнкі, сектанткі паважаюць і гатовыя паслухаць манаха з Афонскай гары Рафаіла Берастава, праваслаўнага пісьменніка з Масквы Валерыя Філімонава, схімніка Сергіева‑Пасадскай лаўры айца Авеля і настаяцеля Пачаеўскай лаўры ва Украіне, імя якога не змаглі ўспомніць.

«Комсомольская правда» via Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0