Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч лічыць, што Беларусь можа нарасціць аб'ёмы экспарту прадуктаў харчавання ў Расію без шкоды для ўнутранага рынку. Такое меркаванне ён выказаў журналістам у час наведвання ААТ «Крыніца».

«Мы гатовы нарасціць аб'ёмы экспарту ў Расію, і гэта не паўплывае адмоўна на ўнутраны рынак, — запэўніў прэм'ер-міністр. — Мае сцверджанні заснаваныz на балансах вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, якія мы склалі». 

Перш за ўсё, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, павялічыць беларускі экспарт у Расію плануецца за кошт нарошчвання аб'ёму вытворчасці. 

Кіраўнік урада адзначыў, што сёння беларускі экспарт і так мае даволі вялікую ўдзельную вагу ў імпарце Расіі. Лічбы розныя — у залежнасці ад груп тавараў. Так, напрыклад, па ялавічыне гэта 16-18 працэнтаў, па сырах — каля 40 працэнтаў. 

Сыроў, як заяўляў гэтымі днямі ў Мінску кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт, Беларусь магла б пастаўляць удвая больш. Шэраг айчынных сырзаводаў пацвердзілі ўжо гатоўнасць павелічэння экспарту. Дыялог па пытаннях нарошчвання аб'ёму паставак сельскагаспадарчай прадукцыі беларускай вытворчасці адбыўся таксама ў Маскве. Бакі дамовіліся выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію паставак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?