Прыватны мінскі прытулак для бяздомных жывёл «Суперкот» знаходзіцца пад пагрозай закрыцця, паведамляе сайт арганізацыі.

«На сёння сітуацыя такая, што нам няма чым аплачваць арэнду за верасень. Унікальны праект, які наглядна даказвае, што ў нашай краіне можа існаваць афіцыйны недзяржаўны прытулак, на ўтрыманне якога трацяцца мінімальныя сродкі, знаходзіцца пад пагрозай закрыцця, — гаворыцца ў паведамленні. — Мы адкрытыя для любых відаў супрацоўніцтва, гатовыя прыняць любую дапамогу!»

Як расказалі валанцёры, на працягу апошняга года прытулак збіраў сродкі на рамонт у пакоі № 1, у якім утрымліваюцца здаровыя каты і з якога вядзецца анлайн-трансляцыя на сайце прытулку http://superkot.com/pages/online.html. «Мы планавалі сваімі сіламі ўцяпліць сцены і падлогавае пакрыццё напярэдадні зімы, пабудаваць умяшчальныя стэлажы па перыметры пакоя, тым самым зрабіць жыццё нашых гадаванцаў больш камфортным і пазбегнуць сезонных хвароб», — адзначылі ў арганізацыі.

Аднак у ліпені на кармы і лячэнне жывёл арганізацыя зрасходавала 23 млн рублёў — гэтая сума ўключае сродкі, сабраныя на рамонт пакоя, а таксама на арэнду памяшкання і закупку кармоў. «Гэтае лета стала беспрэцэдэнтным па колькасці цяжкіх катоў, якія паступілі ў прытулак. Незалежна ад цяжкасці захворванняў, за жыццё кожнага ката мы змагаліся, выкарыстоўваючы ўсе даступныя магчымасці і рэсурсы, — гаворыцца ў паведамленні. — Велізарныя сумы былі зрасходаваныя на прышчэпкі «Глобфел», вакцыну «Мульціфел», наведванне ветэрынарных клінік, кропельніцы і ўколы. Акрамя гэтага, мы адзіная арганізацыя, якая купляе кармы не толькі для катоў прытулку, але і для жывёл, якія знаходзяцца ў клетках прадпрыемства па адлове жывёл «Фаўна горада». Купляем шмат — і для сабак, і для катоў, і для кацянят».

Рэквізіты для ахвяраванняў можна даведацца на сайце http://superkot.com/pages/donation.html.

Прытулак «Суперкот» дзейнічае ў Мінску з 2010 года і спецыялізуецца на ўтрыманні траўмаваных жывёл, жывёл-інвалідаў, нованароджаных жывёл. Прытулак дапамог знайсці дом тысячам жывёл, а цэнтр адаптацыі «Суперкот і Суперсабака» стаў сярэбраным прызёрам конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?