Выкараненню карупцыі і злоўжыванняў у Беларусі можа пасадзейнічаць зніжэнне ўзроўню адміністравання эканомікі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які з рабочай паездкай наведвае Магілёўскую вобласць.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, сёння на тэрыторыю Беларусі шмат завозіцца імпартных тавараў, якія ёсць у дастатковай колькасці ў краіне. Работа з пасрэднікамі і пасрэдніцкімі схемамі — адначасова і канал карупцыі. Гэта калі работа праз пасрэднікаў па імпарце вядзе да падаражэння набытага тавару. Тут прымяняюцца розныя шэрыя схемы, адкаты.

Згодна са статыстыкай, Брэсцкая і Гродзенская вобласці шмат імпартных тавараў закупляюць на ўнутранай тэрыторыі — гэта імпарт ад беларукіх пасрэднікаў. Вялікую колькасць імпартных тавараў набываюць сельскагаспадарчыя і будаўнічыя арганізацыі. «Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на тое, каб выключыць гэтых пасрэднікаў і своеасаблівыя несумленныя здзелкі», — лічыць прэм'ер-міністр.

Невыпадкова гэта тэма вельмі актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве і СМІ. Перш за ўсё, гэта датычыцца прыняцця новых нарматыўна-заканадаўчых актаў, накіраваных на выкараненне карупцыі і злоўжыванняў.

«Я бачу тут два асноўныя праблемныя пытанні. Першае — гэта тое, што ў нас у эканоміцы вельмі высокая ўдзельная вага адміністравання, калі пры закупках і нават пры продажах не прымяняюцца рыначныя механізмы здаровай канкурэнцыі, а часта ўсё залежыць ад чыноўніка, спецыяліста, які займаецца размеркаваннем. Існуюць чатыры простыя арыфметычныя дзеянні: адміністрацыйны рэсурс, або як адняць і падзяліць, і рыначны — як дадаць і прымножыць. Таму чым больш будзе рыначных адносін, тым менш будзе пажывы для розных карупцыйных праяў», — перакананы Міхаіл Мясніковіч.

«Адно з важнейшых пытанняў у гэтым ланцужку — выпуск мясцовымі вытворцамі якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, — лічыць прэм'ер-міністр. — Толькі ў гэтым выпадку можна забяспечыць рост продажаў. На жаль, сёння такіх тавараў малавата. І тэхналогіі ўстарэлі, і кіраўнікі многіх прадпрыемстваў састарыліся. Таму ўрад працуе і ў частцы ўдасканалення менеджменту работы, і кадравай расстаноўкі, і, безумоўна, у напрамку тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі прамысловага комплексу краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?