Настаяцель храма ў Гатаве расказвае пра памылкі маладосці, адказнасць перад Богам, свой спартовы клуб і колішнія сувязі царквы і РНЕ.

Перад чэмпіянатам свету па хакеі беларускую інтэрнэт-прастору скалыхнулі фотаздымкі праваслаўнага бацюшкі, у якога на плячы набітая тату з гітлераўскай свастыкай. Як высветлілася, на фота выяўлены Канстанцін Бурыкін, настаяцель прыходу храма Святога Духа, які знаходзіцца пад Мінскам у пасёлку Гатава.

Вось дэматыватар, які распаўсюдзілі ў сеціве.

Цікава, што гэты святар паспяхова развівае спорт: з’яўляецца суддзёй міжнароднай катэгорыі па муай-тай і кіраўніком духоўна-спартыўнага цэнтру «Белая Русь», дзе прафесійна займаюцца паўэрліфтынгам. Бацюшку часта паказваюць па тэлебачанні, у інтэрнэце ёсць яго супольныя фота з міністрам спорту, мітрапалітам Беларускай праваслаўнай царквы Паўлам, былым мітрапалітам Філарэтам.

На прыёме ў міністра спорту

На прыёме ў міністра спорту

Сам святар наконт скандальных фота ў СМІ публічна не выказваўся. І вось мы сустракаем Канстанціна Бурыкіна на адным з байцоўскіх турніраў у Мінску. Ён пагаджаецца распавесці, адкуль у святара з Беларусі, дзе ад рук фашыстаў загінуў кожны трэці жыхар, з’явілася гітлераўская свастыка.

«У 1993-ім годзе жыў і працаваў у Маскве. Ішла восень, там акурат адбываўся пераварот (скончыліся тыя падзеі так званым «расстрэлам Белага дома»). Там я ўпершыню пабачыў хлопцаў з «Рускага нацыянальнага адзінства» (РНЕ — неанацысцкая арганізацыя, якая распаўсюджвала ідэі праваслаўнага шавінізму; у 1993 годзе яна была яшчэ легальнай у Расіі). Цэлымі днямі я знаходзіўся ў цэнтры Масквы, глядзеў на гэтыя барыкады і танкі. Мне, падлетку, гэта было вельмі цікава, - узгадвае айцец Канстанцін. - Потым з Масквы я вярнуўся ў родны Омск. На той момант я сапраўды быў прыхільнікам поглядаў РНЕ. Хоць сябрам арганізацыі не быў, прысягі ніякай не даваў, сяброўскіх білетаў не меў. Але з гадамі людзі мяняюцца, растуць, разумнеюць. Гэта мае асабістыя ўчынкі, за якія я адказваю перад сабой і перад Богам. Для мяне гэта быў урок юнацтва, чаго не варта ў жыцці рабіць».

Сустрэча з журналістам на байцоўскім турніры

Сустрэча з журналістам на байцоўскім турніры

Еўрарадыё: Чаму вы не звялі гэтую татуіроўку?

Айцец Канстанцін Бурыкін: Былі такія думкі. Я прыходзіў да тату-майстра. Але мне патлумачылі, што контур усё адно застанецца, а месца, дзе была татуіроўка, будзе выглядаць як апёк. Лепш, як мне сказалі, нешта іншае набіць наверх. Але я не хачу больш ніякіх тату, таму пакінуў усё як ёсць і вырашыў з гэтым жыць. Затое сёння я магу кожнаму маладому чалавеку, які спакусіцца неанацысцкімі цячэннямі, прывесці грунтоўныя аргументы супраць. Я магу такіх хлопцаў пераканаць, адгаварыць на асабістым прыкладзе.

Еўрарадыё: У Інтэрнэт выклалі фотаздымкі пачатку 2000-х, дзе вы сфатаграфаваны разам з удзльнікамі РНЕ ўжо ў Беларусі.

Канстанцін Бурыкін: Калі я стаў святаром, то ў епархію ў пачатку 2000-х гадоў звярнуліся хлопцы з РНЕ, папрасілі, каб ім прызначылі нейкага святара, які б часам прыходзіў і праводзіў малебны, чытаў лекцыі аб веры і праваслаўі. Я іх пару гадоў акармляў, пакуль там не пачаўся кавардак. І адразу царква спыніла сувязі з гэтай арганізацыяй, якая пераўтварылася ў сапраўдную секту, з харызматычным лідарам Баркашовым. Гэтыя падзеі адбываліся 11 гадоў таму. Сустракаўся я з імі разы тры-чатыры. Былі фотаздымкі з гэтых сустрэч, дзе я служыў малебны, асвячаў крыжыкі. Фотаздымкі ў саміх гэтых хлопцаў засталіся. І яны іх праз нейкі час выставілі ў інтэрнэт. А некаторыя людзі, тыя ж футбольныя заўзятары, вырашылі скарыстацца сітуацыяй і зрабіць чорны піяр. Гэта іх права. Усе мы за нашы ўчынкі адкажам. А ў мяне сумленне перад Богам і людзьмі чыстае.

***

Многіх непакоіць той факт, што ў праваслаўнай царкве могуць быць духоўнікі, якія разглядаюць Беларусь як частку «Русского мира» з цэнтрам у Маскве. Цікавімся ў святара, што ён думае на гэты конт.

«Мне вельмі падабаецца краіна, дзе пачалося маё дарослае жыццё. Я прыехаў у Беларусь, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, - так выказвае сваё меркаванне айцец Канстанцін. - Ён вельмі жорсткі палітык. А жорсткасць неабходная для таго, каб быў парадак. Я за нашу незалежную краіну. Мне не хочацца, каб нехта прыходзіў з Захаду ці з Усходу і загадваў: «Вам трэба жыць так ці гэтак». Я за тое, каб наша краіна была незалежная і з усімі сябравала, асабліва з брацкімі народамі».

Айцец Канстанцін падкрэслівае, што выказвае не пункт гледжання праваслаўнай царквы, а свой асабісты. Ён выстаўляе прэтэнзіі ў бок «Заходняга свету», які, на думку бацюшкі, «ўлазіць у справы некаторых краін і спрабуе раскалоць брацкія народы».

«Царква ж заўсёды адгароджваецца ад палітыкі, таму што, калі мы станем палітычнымі, то я буду прадузята ставіцца да чалавека, - тлумачыць святар. - А гэта няправільна. Калі чалавек прыходзіць у храм да святара за парадай, то нам без розніцы, хто ён, якой нацыянальнасці і якіх перакананняў. Чалавек прыйшоў да Бога па параду, і мы абавязаны дапамагаць».

Падчас сустрэчы з мітрапалітам Паўлам

Падчас сустрэчы з мітрапалітам Паўлам

Пры прыходзе ў Гатаве летась з'явіўся духоўна-спартыўны цэнтр «Белая Русь». Амаль узведзены будынак, з некалькімі спортзаламі і памяшканнямі для нядзельнай школы. Як кажа святар, пра атлетаў з цэнтра па нашым тэлебачанні паказалі ўжо дзевяць сюжэтаў, бо яны перамагалі на чэмпіянаце свету па паўэрліфтынгу і рабіліся прызёрамі сусветнага першынства. Пры гэтым від спорту, які развіваюць пры прыходзе, мае добрыя алімпійскія перспектывы і ўжо уключаны ў праграму Паралімпіяды.

Айцец Канстанцін і спартсмены зборнай Беларусі па паўэрліфтынгу ля дома, дзе жыў Нэльсан Мандэла

Айцец Канстанцін і спартсмены зборнай Беларусі па паўэрліфтынгу ля дома, дзе жыў Нэльсан Мандэла

«У нас у Гатаве ёсць і п’янства, і наркаманія. Моладзь дэградуе, співаецца, спажывае спайсы. І няма ніводнай спартыўнай залы, - апісвае бацюшка метады, якімі ён збіраецца супрацьстаяць праблемам у грамадстве. -Спортзалы будуем, каб кожны з пасёлка мог прыйсці, патрэніравацца. У нас ёсць толькі бібліятэка і пару кружкоў, якія не заўсёды цікавыя моладзі. А спорт заўжды ва ўсіх выклікаў інтарэс».

Як рэагуе на скандальныя фота Беларуская праваслаўная царква?

«Што тычыцца колішніх фотаздымкаў, якія з’явіліся ў інтэрнэце, то адкажу вам на ўласным прыкладзе. Асабіста я калісьці быў няверуючым і камсамольцам. Дык што, цяпер мяне да скону жыцця гэтым папікаць? - прыводзіць паралелі прэс-сакратар БПЦ іерэй Сергій Лепін. - Цяпер я не камсамолец, цяпер я веру ў Бога. Калісьці я быў музыкам, граў хэві-метал. Дык што, цяпер шукаць мае фотаздымкі, дзе я з гітарай і лахматы? А ў айца Канстанціна было ў жыцці такое. Ішлі 1990-я гады, многае было складана і неадназначна. Наконт РНЕ на нейкім этапе таксама было незразумела, што гэта і хто гэта. Як толькі арганізацыя была прызнаная экстрэмісцкай, з імі спынілі ўсе адносіны. Цяпер я дакладна ведаю, што гэты святар шмат робіць для таго, каб уратаваць хлопчыкаў і дзяўчынак ад наркотыкаў, алкаголю і неанацысцкіх ідэалогій». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?