Абстаноўка з падрыхтоўкай школ да новага навучальнага года не выклікае трывогі. Аб гэтым заявіў 15 жніўня журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

У час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць кіраўнік урада наведаў у Бабруйску школьны базар, азнаёміўся з падрыхтоўкай да школьнага сезона дзвюх устаноў адукацыі ў Асіповічах.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, наведванне школьнага базару ў Бабруйску пакінула станоўчае ўражанне. Тут быў прадстаўлены даволі вялікі выбар тавараў школьнага асартыменту і, што немалаважна, па даступных цэнах. «Вядома, гэта даступнасць - паняцце даволі адноснае, - выказаў меркаванне Міхаіл Мясніковіч. - Прадавец заўсёды лічыць, што прадае танна, а пакупнік наадварот - што ўсё дорага.

Але, прынамсі, калі паглядзець па сярэдняй заработнай плаце ў краіне, то двух дзяцей сярэдняга ўзросту можна без асаблівых праблем адправіць у школу».

«У цэлым абстаноўка з падрыхтоўкай школ да новага навучальнага года ва ўрадзе не выклікае вялікіх сумненняў, - падкрэсліў прэм'ер. - Але мне неабходна было асабіста пераканацца на прыкладзе Магілёўскай вобласці, што сітуацыя адпавядае рэальнасці. У гэтай рабоце не павінна быць ніякіх недаробак і дробязей. Усё да новага навучальнага года павінна быць падрыхтавана на самым высокім узроўні».-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?