Шэраг зоаабарончых арганізацый Беларусі («Заасвет», «Эгіда», «Абаронім жыццё», «Абарона жывёл», «Сябры жывёл» і іншыя) маюць намер паўторна звярнуцца ва ўрад з просьбай аб увядзенні крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі, паведаміла старшыня ГААЖ «Заасвет» Маргарыта Пушкевіч. 

Нагадаем, у Беларусі дзейнічае толькі адміністрацыйная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, якая прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Прапанова грамадзян аб узмацненні адказнасці ў лютым гэтага года была падтрыманая Генеральнай пракуратурай. Ведамства ўзгадніла рэдакцыю арт. 339-1 Крымінальнага кодэкса (жорсткае абыходжанне з жывёламі) і падтрымала прапанову аб надзяленні службовых асоб МУС правам складаць пратаколы на падставе арт. 15.45 КоАП. 

Аднак гэтая ініцыятыва дагэтуль не рэалізаваная. «Пакуль воз і цяпер там, і нашы арганізацыі збіраюцца зноў звяртацца ва ўрад з пытаннем, калі ж нарэшце з'явіцца хаця б крымінальны артыкул», — адзначыла Пушкевіч. 

Паводле яе слоў, колькасць бяздомных жывёл у Беларусі штогод павялічваецца прыкладна на тысячу асобінаў. «За мінулы год было адлоўлена і знішчана 72 тысячы бяздомных жывёлін, а 10 гадоў таму іх знішчалася 65 тысяч», — сказала яна. 

Пушкевіч лічыць, што рост колькасці бяздомных жывёл у краіне сведчыць пра неэфектыўнасць існай палітыкі ў дачыненні да іх. «Прыродай наладжана так, што калі знішчаецца жывёліна, нараджаюцца ў асноўным асобіны жаночага полу. Напрыклад, нараджаецца 12 шчанят, з іх 10 — жаночага полу. Прырода рэагуе так, крычыць: забіваць нельга», — адзначыла зоаабаронца. 

Змяніць сітуацыю, на яе думку, можна ўвядзеннем ліцэнзавання на развядзенне пародзістых жывёл і стэрылізацыяй беспародных. «Але для гэтага трэба, каб дзяржава праявіла сваю палітычную волю і прымусіла гэта рабіць. Людзі самі па сабе гэта рабіць не будуць», — лічыць Пушкевіч. 

У той жа час яна адзначае, што апошнімі гадамі «адбыўся зрух» у стаўленні насельніцтва да бяздомных жывёл. «Мы мяркуем аб гэтым нават па тым, як людзі чакаюць і пытаюцца ў нашай газеты («Друзья животных»), як пішуць нам. Нават з вёсак людзі пішуць нам пра жорсткае абыходжанне з жывёламі. Дзесяць гадоў таму такога і блізка не было, каб хтосьці з глухой вёскі даслаў нам такую заяву. Мы займаемся гэтымі заявамі, і ўсё-такі некалькі чалавек за год атрымліваюць адміністрацыйнае пакаранне», — адзначыла яна. 

У Беларусі ўжо больш за 10 гадоў не могуць прыняць закон аб абароне жывёл: парламент рабіў тры спробы, аднак ва ўсіх выпадках законапраекты былі адкліканыя з-за рэзкай крытыкі грамадскасці. Прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый неаднаразова заяўлялі, што прапанаваныя праекты закона не забяспечваюць абарону жывёл ад жорсткага абыходжання. 

16 жніўня адзначаецца Дзень бяздомных жывёл, заснаваны ў 1992 годзе з ініцыятывы Міжнароднага таварыства правоў жывёл (ЗША). У гэты дзень у розных краінах прынята наведваць прытулкі для бяздомных жывёл, каб дапамагчы ім або выбраць сабе гадаванца. 

У Беларусі гэты дзень адзначаюць рознымі акцыямі, мэта якіх — уладкаваць бяздомных жывёл і прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы. У прыватнасці ГААЖ «Эгіда» з 13.00 да 17.00 праводзіць у мінскім парку імя 50-годдзя Кастрычніка акцыю па раздачы бяздомных жывёл «Давай дапаможам!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?