Сустрэчу на вышэйшым узроўні з кіраўнікамі дзяржаў Мытнага саюза абмяркуе міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін на сустрэчы з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.

Кіраўнік дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўген Перабійніс у эфіры ТРК «Украіна» заявіў, што прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адкрыты да дыялогу з лідарамі краін Мытнага саюза. 

«Абмяркоўваюцца розныя варыянты, розныя даты і месцы для такіх важных сустрэч. Але я хацеў бы сказаць, што наш міністр Павел Клімкін будзе ў Берліне, дзе ён будзе сустракацца з міністрам замежных спраў Расіі і міністрамі замежных спраў Германіі і Францыі. На гэтых сустрэчах будуць абмяркоўвацца пытанні нармалізацыі сітуацыі на Усходзе, у тым ліку пастаўка Расіяй гуманітарнай дапамогі, а таксама развіццё далейшага дыялогу, магчыма, і на вышэйшым узроўні. Але пакуль казаць пра канкрэтныя дамоўленасці мы не можам. Відавочна, што дыялог — неабходны і мы для гэтага адкрытыя», — паведаміў Перабійніс. 

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён, прэзідэнты Расіі і Казахстана Уладзімір Пуцін і Нурсултан Назарбаеў гатовыя правесці ў Мінску сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам для абмеркавання гандлёвых адносінаў з краінамі Мытнага саюза і іншых актуальных пытанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?