У сераду ў перапынку сумеснага паседжаньня дэпутатаў дзьвюх палат нацыянальнага сходу Беларусі ў Авальнай залі ўпершыню пасьля зыходу з пасады кіраўніка палаты прадстаўнікоў зьявіўся Ўладзімер Канаплёў, перадае радыё "Свабода".

Зьнешне ён моцна зьмяніўся: схуднеў, коратка пастрыгся, густая барада ператварылася ў маленькую эспаньёлку. Ад гутаркі з журналістамі экс-сьпікер ухіліўся.

Адзін з калег Уладзімера Канаплёва па дэпутацкаму корпусу пасьля размовы зь ім расказаў мне наступнае:

“Уладзімер Мікалаевіч сказаў, што ён перанёс аж шэсьць апэрацыяў. Цяпер ён адчувае сябе лепш.

Канаплёў катэгарычна абвяргае паведамленьні некаторых мэдыяў пра ягоны ўдзел у нейкіх фінансавых махінацыях. Над сваімі будучымі плянамі ён разважае. Але гаворыць, што па-ранейшаму застаецца шчырым прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі”.

А вось што паведамляе "Народная воля":

Пасьля апэрацый, якія Ўладзімеру Канаплёву зрабілі ў Расеі, у яго амаль зьнікла барада. Цяпер Уладзімер Канаплёў мае кароткую фрызуру і адзначае, што па-ранейшаму застаецца адданым курсу прэзыдэнта. «Трохі рогі адрэзалі, а так усё добра», — жартаўліва адзначыў пра стан свайго здароўя Ўладзімер Канаплёў.

Былы сьпікер палаты прадстаўнікоў расказаў у інтэрвію «Народнай волі», што, займаючыся сваім здароўем, сачыў за тымі чуткамі, якія шырыліся вакол яго адстаўкі.

«Рады, што пра мяне адразу далі столькі інфармацыі… Я здагадваюся, хто і чый заказ выконваў… А ўвогуле ўдзячны апазыцыйнай прэсе і журналістам, што яны не пісалі пра мяне ніякіх паскудзтваў», — успамінае Ўладзімер Канаплёў.

Былы сьпікер паведаміў, што апэравалі яго ў Санкт-Пецярбургу, а ня ў Менску.

«Справа ў тым, што ў нас пазухі нідзе не ўскрываюць. А мне на адной пазусе зрабілі шэсьць апэрацый. Апэраваў мяне вядомы пецербурcкі хірург-оталярынголяг прафэсар Сітнікаў. Ён доўгі час працаваў у Беларусі, а цяпер працуе ў Вайскова-мэдычнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу», — паведаміў Уладзімер Канаплёў.

Распавядаючы пра сваю палітычную будучыню, Канаплёў катэгарычна абверг чуткі пра тое, што зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на пост прэзыдэнта. «Гэта толькі мае непрыяцелі могуць так сказаць. Чалавек, які столькі год быў разам з прэзыдэнтам, і далей будзе разам зь ім», — заявіў У. Канаплёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?