Камітэт дзяржаўнай бяспекі падазрае магілёўскіх незалежных журналістаў Аляксандра Буракова і Міхаіла Аршынскага ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. 

на фота — Міхась Аршынскі

на фота — Міхась Аршынскі

Як паведаміў БелаПАН Буракоў, яго выклікалі па тэлефоне ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Будаўнікоў, 7, дзе 18 жніўня маёр міліцыі Руслан Марозаў узяў у яго тлумачэнні адносна сюжэта, паказанага восенню 2013 года на тэлеканале «Белсат». У дакументах міліцыянера таксама як асоба, у дачыненні да якой распачаты адміністрацыйны працэс, значыцца Міхаіл Аршынскі, што займаецца фота- і відэаздымкай. 

«У відэасюжэце гаварылася пра жудасныя ўмовы жыцця людзей у доме № 4 па вуліцы Будаўнікоў — у бараку няма прыбіральні, гнілая падлога, столь можа зваліцца ў любы момант.

Пасля таго як выйшаў сюжэт, УКДБ па Магілёўскай вобласці правяло праверку і ажыццявіла аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы — ідэнтыфікацыю асобы. Людзям, якія фігуравалі ў сюжэце, паказвалі фотаздымкі, па якіх яны павінны былі апазнаць мяне, апазнаць Міхаіла Аршынскага. Я проста здзівіўся, што КДБ займаецца такой лухтой», — заявіў Буракоў, адзначыўшы, што адказнасцю згодна з артыкулам, на падставе якога распачатая справа, можа быць не больш як штраф. 

Журналіст сказаў, што ўжо шмат гадоў не ездзіць у Польшчу і з'яўляецца фрылансарам, які мае свой сайт і супрацоўнічае з рознымі выданнямі. Паводле яго слоў, у Марозава былі паперы са спампаванымі з інтэрнэту матэрыяламі, а ў дакументах, што тычацца праверкі, праведзенай спецслужбай, было замазанае прозвішча супрацоўніка КДБ, які яе праводзіў. 

«Дастаткова цікава за ўсім гэтым назіраць, але ўсё-такі была праведзеная праверка, распачатая адміністрацыйная справа, КДБ перадаў у міліцыю матэрыялы праверкі, якая павінна неяк рэагаваць. Міліцыя пакуль выклікае нас і бярэ тлумачэнні», — сказаў незалежны журналіст. 

«Цікава, што праверка была праведзеная ў кастрычніку-лістападзе 2013 года.

Адміністрацыйная справа павінна быць разгледжаная ў двухмесячны тэрмін, а далей заканчваецца тэрмін даўніны. Не ведаю, якая тут можа быць перспектыва», — адзначыў Буракоў. 

Ён пакуль не звязвае прэтэнзіі КДБ да яго з чымсьці, акрамя, магчыма, удзелу ў Магілёўскай праваабарончай групе, якая займаецца пытаннямі каральнай псіхіятрыі. «У любым выпадку я не лічу, што гэта такі моцны націск на мяне. І мяне вельмі здзіўляе, што КДБ за дзяржаўныя сродкі такім займаецца», — сказаў Буракоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?