Лёгкае метро, фота ілюстрацыйнае

Лёгкае метро, фота ілюстрацыйнае

У Беларусі разглядаецца магчымасць будаўніцтва ў абласных цэнтрах лёгкага метро, паведаміў на прэс-канферэнцыі 19 жніўня ў Мінску начальнік унітарнага прадпрыемства «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Павел Царун. 

«Будаўніцтва лёгкага метро — добрая ідэя. Мы прапрацоўваем яе ў частцы таго, што сапраўды ў нашых абласных гарадах, улічваючы замежны вопыт, можна яго пабудаваць. Мы глядзелі вопыт гарадоў з насельніцтвам да 500 тысяч, там пабудавана амаль 30 км метро. Яно не такое аб'ёмнае, як у Мінску, ходзяць двухвагонныя цягнікі, але камфортнасць перамяшчэння ўнікальная», — адзначыў Царун. 

Паводле яго слоў, «для рэалізацыі гэтай ідэі неабходна вырашыць фінансавы бок пытання і атрымаць адпаведныя даручэнні на самым высокім узроўні». «Я лічу, што гэта мае перспектыву. Мы цяпер на ўзроўні аблвыканкамаў гэтае пытанне прапрацоўваем і ў найбліжэйшы час накіруем на ўзгадненне», — адзначыў начальнік унітарнага прадпрыемства. 

Лёгкае метро — від рэгулярнага хуткаснага пазавулічнага рэйкавага гарадскога транспарту, які па сваіх характарыстыках займае прамежкавае становішча паміж класічным метрапалітэнам і лёгкарэйкавым транспартам.

Як правіла, лініі лёгкага метро размяшчаюцца на паверхні або на эстакадах і часам маюць невялікія тунэльныя ўчасткі (напрыклад, на перасадачных вузлах, у цэнтры горада, на транспартных развязках). Цягнікі налічваюць два-чатыры вагоны, дыяметр тунэляў складае 4-5 метраў, у тунэлях і над зямлёй дапусцімыя значныя ўхілы і малыя паваротныя радыусы, платформы на станцыях — высокія, даўжынёй 50-90 метраў і шырынёй 5-8 метраў. Лініі лёгкага метро часта з'яўляюцца падвозячымі да аэрапортаў або да станцый звычайнага метрапалітэна і толькі ў невялікіх гарадах складаюць аснову гарадской транспартнай сістэмы. Правазная здольнасць лініі лёгкага метро складае ад 6-20 да 20-30 тыс. чалавек за гадзіну ў адным напрамку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?