Чацвёртая лінія метрапалітэна Мінска будзе складацца з 12 станцый працягласцю каля 19 км. Лінія пройдзе ад «Чыжоўка-Арэны» да «Мінск-Арэны» праз раён «Серабранка» і Мінскі трактарны завод.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік унітарнага прадпрыемства «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Павел Царун.

«На гэтым участку таксама будуць пабудаваны перасадкавыя вузлы з першай, другой і трэцяй лініямі. Так мы забяспечым максімальную камфортнасць перамяшчэння жыхароў і гасцей сталіцы як у цэнтральнай частцы горада, так і ў аддаленых ад цэнтра раёнах», — падкрэсліў начальнік УП.

Што датычыцца трэцяй лініі метро, ужо вядома, што па ёй будуць курсіраваць цалкам аўтаматызаваныя саставы. 

«Будаўніцтва трэцяй лініі будзе даражэйшае, чым будаўніцтва першай, таму што мы ўкараняем цалкам аўтаматызаваныя саставы. Гэта значыць цягнікі будуць ездзіць, а машыністы ў кабіне толькі кантраляваць працу электронікі, не больш за тое», — адзначыў начальнік прадпрыемства.

На лініі будуць створаны ўмовы для недапушчэння падзення на рэйкі людзей або прадметаў. «Мы пабудуем так званы экран, які будзе адчыняцца па прыбыцці рухомага састава на станцыю. Калі цягнік будзе спыняцца, спачатку будзе адчыняцца экран, потым дзверы састава, а калі людзі ўвойдуць у вагон, зачыняцца дзверы цягніка і затым экран. Нямала увагі надаем і людзям з абмежаванымі магчымасцямі. На трэцяй лініі мы запланавалі, акрамя традыцыйных ліфтаў, устаноўку на перасадачных вузлах травалатараў», — паведаміў Павел Царун.

Паводле яго слоў, у цяперашні час у Мінску рыхтуюцца тэрыторыі да будаўніцтва трэцяй лініі метро. Першая чарга прадугледжвае будаўніцтва чатырох станцый, двух перасадкавых вузлоў, інжынернага корпуса і будынка абслуговага персаналу. Спачатку будуць уведзены ў эксплуатацыю такія станцыі, як «Кавальская Слабада», «Плошча Багушэвіча», «Вакзальная» і «Юбілейная плошча».

«Мы вядзем працы і па падрыхтоўцы тэрыторый для астатніх трох станцый метро трэцяй лініі. Гэта станцыі «Слуцкі Гасцінец»,» Немаршанскі Сад» і «Аэрадромная», — сказаў Павел Царун.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?