Даўно цягне выказацца пра так званыя вайскова-гістарычныя рэканструкцыі.
Лічыцца, што яны паглыбляюць гістарычныя веды, стымулююць цікавасць да гісторыі і выхоўваюць патрыятызм.
Так, мусіць, паглыбляюць, стымулююць ды выхоўваюць. Спрачацца не выпадае. Але вось жа нешта стрымлівае ад захаплення, калі чытаеш, як сёлета святкуецца 600-годдзе Грунвальдскай бітвы ці як «парламентарии машут белыми платками» падчас рэканструкцыі падзей Першай сусветнай вайны пад Смаргонню.
Усё гэта, зразумела, дробязь, памылкі ў датах ці ў словах лёгка папраўляюцца. Тое, дарэчы, і зрабіла на сваім сайце газета «Вечерний Гродно», памяняла «парламентариев» на «парламентеров». Што праўда, «белые платки» засталіся…
Але ж я — пра іншае.
Пра тое, як «за полчаса зрители прожили четыре года: увидели наступление войск, закрепление линии обороны, газовую атаку, момент братания и окончание войны». Дарослыя пры тым «плакали», а «дети просили больше не стрелять»… Вось так было ўсё праўдзіва.
Чаму ж не пакідае адчуванне нейкай фальшывасці? І ад гульні ў Грунвальд, што адбываецца ў Дудутках, і ад ігрышчаў на «Лініі Сталіна», і ад згаданай страляніны пад Смаргонню…
Я доўга не знаходзіў адказу на гэтае пытанне, пакуль у чарговых жахлівых «карцінках» з Данбаса не ўбачыў двух хлопчыкаў, гадоў мо дзевяці-дзесяці, з драўлянымі «калашамі»…
Я не ведаю, хто з іх быў «бандэраўцам», а хто «апалчэнцам». Адзін хутка прамільгнуў, мусіць, недзе па-за кадрам абраў зручную пазіцыю. Камера засяродзілася на іншым. І вось тут я знайшоў адказ: ён так натуральна, так прафесійна то хаваўся за выступам паўразваленай сцяны, то высоўваўся на хвіліну, каб хуценька выпусціць у «ворага» смяротную чаргу, што стала зразумела — на сапраўднай вайне дзеці не просяць, каб дарослыя больш не стралялі.
Шмат аб чым дзеці просяць дарослых на сапраўднай вайне — піць… есці… не даць памерці… не паміраць… Але аб тым, каб не стралялі, не просяць. Бо якая ж гэта вайна, калі не страляць?!
Быў у маім журналісцкім жыцці эпізод, калі давялося самому ладзіць «рэканструкцыю».
У 1985-м, напрыканцы сакавіка, газета «Труд», дзе я тады працаваў беларускім уласным карэспандэнтам, з нагоды 40-годдзя Перамогі над Германіяй вырашыла зладзіць семінар галоўных рэдактараў прафсаюзных газет з краін сацлагера. Пачаць было даручана з Брэсцкай крэпасці. А пасля ўжо рухацца «па маршрутах партызанскай славы» — так было сказана ў пісьмовым даручэнні — на Мінск.
…Пад Івацэвічамі аўтобус сустрэлі дзяўчаты з хлебам-соллю, «газікі» і БТРы. Усім параздавалі гумавыя боты, і па гразкім прасеўшым сакавіцкім снезе ды глыбокай каламутнай вадзе мы рушылі ва ўрочышча, дзе падчас вайны месціўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння. Пасля яшчэ з кіламетр пешшу, праз балота і непралазны хмызняк. Не паспеў я падумаць, што назва ўрочышча — «Хаваншчына» — цалкам адпавядае партызанскай патрэбе хавацца, як пачуў нейкія ўсхліпы. «Тут… тут… у Беларусі… загінуў бацька», — амаль нячутна прамовіла рэдактарка з ГДР. Захінуўшы шалем твар, на якім засталіся толькі счырванелыя вочы, яна апусцілася ў снег…
Яна ўсхліпвала ўвесь час, пакуль мы аглядалі дыхтоўныя, з моцных бярвёнаў, хаты, дзе, па версіі рэканструктараў, месціліся сам штаб, шпіталь, друкарня, побач — лясная школа… Усё гэта нагадвала хутчэй базу адпачынку. Але на парозе «штаба» нас чакаў ягоны сапраўдны падчас вайны начальнік, у «шпіталі» — той самы хірург, у «друкарні» — той самы наборшчык, у «лясной школе» — тая самая настаўніца. Нават мужыкі, што варылі ў вялізным катле бульбу і ахалоджвалі ў снезе бутлю з мутнаватым самагонам, абодва былі з колішніх партызанаў.
Немка працягвала бязгучна рыдаць.
Я прыабняў яе за плечы. І раптам пачуў нешта нечаканае — страшнаватае і зусім не гэдээраўскае: «Яны… яны жывыя… А мой татачка…»
І яна зноў захлынулася нябачнымі слязьмі.
Мабыць, упершыню я хутчэй адчуў, чым зразумеў, якая ненатуральная для чалавека і чалавецтва гэтая з’ява — вайна. Але ж коціцца смяротным колам праз лёсы, пакаленні, стагоддзі…
Дык мо натуральная?
Што ж натуральнага ў тым, калі адных вайна пакідае жывымі, а іншых малоціць ушчэнт?! Не, заставацца на вайне жывым зусім ненатуральна. Адно, што можа зрабіць вайну натуральнай, — усеагульная пагібель, усеагульнае заканчэнне жыцця на Зямлі.
Вось я і думаю: што ж фальшывага ў дзіцячых гульнях дарослых? А тое, думаю, што яны ствараюць ілюзію натуральнасці войнаў. То бок таго, што чалавецтву без самазабойства не жыць.
…Аляксандр Гардон, расійскі тэлевізійны гуру, пытаецца ў нябачнага апанента: «А ці памятаеце вы, як у дзяцінстве гулялі ў вайну, у «немцаў» і «рускіх»?» І выцягвае аднекуль з недасяжных глыбінь інтэлекту выснову: «Вось і вы, украінцы, цяпер немцы для нас…»
Такая вось вайскова-гістарычная рэканструкцыя.