Міністэрства адукацыі Беларусі звяртаецца да бацькоў з просьбай не ствараць ажыятаж вакол падрыхтоўкі да школьнага сезона. Аб гэтым заявіў сёння намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч, наведваючы магазіны Мінска і сталічнага рэгіёна і знаёмячыся з арганізацыяй гандлю школьнымі таварамі.

«Мы звяртаемся да бацькоў і просім не ствараць ажыятаж, таму што нейкага дэфіцыту няма. Спакойна купляем, адзяваем, рыхтуем вучняў да школы», — сказаў Васіль Будкевіч.

Паводле яго слоў, Мінадукацыі па-ранейшаму падтрымлівае дзелавы стыль адзення для школьнікаў. «Мы лічым, што цяпер вучыць і выхоўвае не толькі настаўнік, не толькі вучэбныя прадметы, але і тое адзенне, якое носяць нашы дзеці. Яно павінна быць зручнае, камфортнае, адпавядаць усім сучасным патрабаванням. Тое, што сёння так шырока прадстаўлена прадукцыя менавіта беларускіх прадпрыемстваў, нас вельмі радуе», — падкрэсліў намеснік міністра.

Таксама Васіль Будкевіч адзначыў новыя формы работы з пакупнікамі, якія прапануюць гандлёвыя аб'екты. «Гэта вельмі важна, калі ёсць пэўная сістэма скідак, бонусаў, праводзяцца латарэі для таго, каб падтрымаць і прывабіць кліента», — лічыць ён.

Так, у мэтах аказання падтрымкі насельніцтву гандлёвыя арганізацыі праводзяць розныя акцыі сацыяльнай накіраванасці, якія прадугледжваюць продаж тавараў школьнага асартыменту ў растэрміноўку і крэдыт, прадастаўленне скідак шматдзетным сем'ям, сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, адзінокім маці і іншым ільготным катэгорыям. Па рэкамендацыі Міністэрства гандлю прымяняюцца мінімальныя гандлёвыя надбаўкі, дзякуючы чаму зніжаюцца цэны. Таксама пры куплі тавараў школьнага асартыменту ўручаюць падарункі і прызы.

«Вытворцы ўсё больш і больш прыслухоўваюцца не толькі да меркавання прафесіяналаў, але і да нас, так скажам, не спецыялістаў. Мы гаворым пра тое, што павінна быць больш натуральных тканін, што трэба разнастаіць колеравую гаму. Пры гэтым хачу адзначыць сапраўды вялікае прапанаванне, прычым не толькі ў дзяржаўным гандлі, але і ў цэлым», — адзначыў Васіль Будкевіч.

Усяго ў гэтым годзе асартыментныя калекцыі адзення для дзяўчынак налічваюць больш як 260 мадэлей (камплекты і сарафаны, сукенкі, штаны і спадніцы, пінжакі і камізэлькі), для хлопчыкаў — 220 мадэлей (касцюмы і камплекты, пінжакі і камізэлькі, штаны і кашулі).

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?