Павышэнне зарплаты настаўнікам будзе дыферэнцыраваным, яго памер будзе залежаць ад якасці працы і катэгорыі педработніка. Аб гэтым заявіў 20 жніўня намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды на жнівеньскай нарадзе педагагічных работнікаў Брэсцкай вобласці. 

Намеснік міністра адзначыў, што павышэнне заработнай платы і сацыяльнага статусу педагога Міністэрства адукацыі лічыць адной з асноўных задач на 2014/2015 навучальны год. Ён паведаміў, што цяпер па даручэнні кіраўніка дзяржавы гэта пытанне разглядаецца ўрадам, прапрацоўваецца механізм павышэння зарплаты. «Будзе праводзіцца значнае павышэнне выплат па катэгорыях. Гэта значыць будзе ўлічвацца якасць выкладання педагога і непасрэдна яго катэгорыя», — падкрэсліў Сяргей Руды. 

Паводле яго слоў, ёсць і іншыя магчымасці для павышэння зарплаты настаўнікам, якія не задзейнічаны ў рэгіёне. У прыватнасці, Брэсцкая вобласць мае невысокі паказчык па колькасці вучняў на аднаго настаўніка. «Менавіта таму ў вобласці горшы паказчык па зарплаце настаўнікаў. Таму што суадносіны вучань/настаўнік у вас горшыя. У Магілёўскай і Гомельскай абласцях на 12 працэнтаў зарплата вышэйшая ў педагогаў, чым у Брэсцкай. Ёсць яшчэ шэраг паказчыкаў, якія ўплываюць на зарплату настаўнікаў. Ёсць методыкі, па якіх зэканомленыя грошы могуць быць накіраваны на павышэнне зарплаты», — заўважыў намеснік міністра. 

Як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук, у вобласці прыняты шэраг мер па росту заработнай платы работнікаў адукацыі. За чэрвень бягучага года сярэдняя зарплата ў падведамных установах склала Br3 млн 527 тыс. 300 руб. На гэтыя мэты было накіравана ў папярэднім навучальным годзе Br11 млрд, што былі вызвалены ў выніку аптымізацыі. У бягучым годзе на гэтыя мэты запланавана накіраваць больш за Br15 млрд. Разам з тым, заўважыў Аляксандр Жук, асобныя раёны слаба выкарыстоўваюць магчымасці для дыферэнцыяцыі павышаючых тарыфных ставак працуючым па кантракце педработнікам. 

Напярэдадні новага навучальнага года ў вобласці праведзена работа па павелічэнні напаўняльнасці 1-4-х і 10-11-х класаў, што дало магчымасць скараціць колькасць малакамплектных класаў у сельскай мясцовасці і максімальна запоўніць вучнёўскія месцы ў класах гарадскіх школ. У выніку сярэдняя напаўняльнасць класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі склала 17,3 вучня на адзін клас. Гэта самы высокі паказчык у рэспубліцы і вышэй за мінулагодні паказчык у рэгіёне. Разам з тым, нагрузка па вобласці на аднаго настаўніка застаецца ніжэйшая за сярэднерэспубліканскую — 8,9 вучня на настаўніка (9,1 — у рэспубліцы). 

У новым навучальным годзе ў Брэсцкай вобласці будзе функцыянаваць 1221 установа адукацыі, з іх 528 школ і 489 дашкольных устаноў. У тым ліку з 1 верасня будуць працаваць 12 сярэдніх школ з кантынгентам да 50 навучэнцаў. На розныя ўзроўні адукацыі за ведамі прыйдуць каля 220 тыс. маладых людзей, у тым ліку 156 тыс. — ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?