30‑га лістапада ў Горадні прэзэнтуюць унікальнае шматмоўнае выданьне «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

Выданьне сталася вынікам рэалізацыі сумеснага праекту Таварыства «Uroczysko» (Супрасьль, Польшча) і Гарадзенскага грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтр «Трэці сэктар». Пад адной вокладкай сабраныя арыгінальны лацінскі тэкст паэмы, а таксама яе пераклады на беларускую, польскую, літоўскую, расейскую і ангельскую (фрагмэнты) мовы.

Аўтары праекту палічылі вартым ня толькі перавыдаць паэму, створаную на мяжы 1521‑1522 гг., але і ўзбагаціць выданьне літаратурнымі перакладамі твору на мовы народаў краінаў, на тэрыторыі якіх жылі зубры ў часы Міколы Гусоўскага. Фрагмэнты паэмы па‑ангельску зьмешчаныя для папулярызацыі справы ў ангельскамоўных краінах.

Высокі ўзровень паліграфіі, густоўныя ілюстрацыі, выдатная папера, CD‑вэрсія, далучаная да кожнага асобніка кнігі, а таксама невялікі наклад новага выданьня «Песьні пра зубра», робяць яго ня толькі каштоўным падарункам для аматараў гісторыі і літаратуры, але й аздабленьнем любога кнігазбору.

Прэзэнтацыя адбудзецца а 16‑й па адрасе: вул. Будзённага 48а (пакой 44, ТБШ) Запрашаюцца ўсе жадаючыя!

blog.grodno.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0