фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Недзе ў Атлантычным акіяне ёсць райскі архіпелаг Мадэйра. Да Афрыкі адтуль бліжэй, чым да Еўропы, але астравы належаць да Партугаліі. Аддаленасць ад кантынента замінала мясцовым клубам доўгі час удзельнічаць у чэмпіянаце краіны. Толькі 1970-ых з развіццём сродкаў перамяшчэння клубы з Мадэйры сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі партугальскага першынства.

Цяпер у чэмпіянаце Партугаліі гуляе два клубы з Мадэйры – «Марыціму» і «Насьёнал». Абодва прадстаўляюць горад Фуншал. А яшчэ з зайздроснай рэгулярнасцю трапляюць у супернікі беларускім камандам у еўракубках. У 2010-м у Барысаў у рамках плэй-оф Лігі Еўропы прыязджаў «Марыціму». Нічым добрым для астравіцян той выезд не скончыўся – БАТЭ перамог з лікам 3:0. Для рудавалосага Паўлава тая гульня была, ці не найлепшай у еўракубках.

Цяпер у госці да мінскага «Дынама» завітаў «Насьёнал». Турнір і стадыя ўсё тая ж – плэй-оф Лігі Еўропы. Горад таксама Барысаў. Толькі што стадыён змяніўся з старога Гарадскога на навюткую «Барысаў-Арэну».

Эксперты сышліся ў меркаванні, што лёсаванне для «Дынама» было даволі літасцевым. «Насьёнал» – не той супернік, якога варта баяцца яшчэ да выхаду на поле. Ясна, што чэмпіянат Партугаліі памацней, але ж і «Дынама» не з гліны злепленае. Каманда, якая належыць мільянеру Юрыю Чыжу, праводзіць лепшы свой сезон за апошнія гады, навязаўшы сур’ёзную канкурэнцыю БАТЭ ў чэмпіянаце.

Другую маладосць у «блакітна-белай» форме перажывае Ігар Стасевіч. У міжсезонні каманда набыла цудоўных легіянераў – гульца зборнай Сьера-Леонэ Умару Бангуру і нігерыйскага балгарына Чыгозе Удоджы. Трэнер Журавель падпускае ў аснову каманду маладых выхаванцаў каманды. Карацей, «Дынама» сапраўды ўяўляе грозную сілу. І калі выходзіць у еўракубкі, то менавіта цяпер.

Гульня ў Барысаве праходзіла пад няспынную залеву. Халодную залеву, наўрад ці на Мадэйры такія ёсць у жніўні.

Увесь першы тайм «Дынама» пераконвала, што мацней. Здаецца, «Насьёнал» літаральна пару разоў перайшоў беларускую палову поля. «Дынама» валодала мячом і ініцыятывай. Але, шчыра кажучы, атакі выглядалі крыху акадэмічна. Без асаблівай вастрыні.

Тым не менш, свой першатаймавы гол «бела-блакітныя» забілі. Ужо на самым флажку Удоджы завалі ў штрафной пляцоўцы. Ігар Стасевіч развёў варатара і мяч па розных кутах.

Пачатак другога тайма ўвогуле можна смела назваць найлепшым адрэзкам у сённяшняй гульні. Удоджы двойчы, а таксама адзін раз Адамавіч мелі выдатныя моманты, але не скарысталі іх. Гол выспяваў.

А нарадзіўся ён на 55-ай хвіліне. Стасевіч з фланга адпасаваў у цэнтр. Дзе з мячом сустрэўся Неманья Нікаліч. Удар у чарнагорца арымаўся вельмі добрым, а яшчэ спрацаваў на руку рыкашэт – 2:0.

У канцоўцы «Дынама» больш абаранялася, чым атакавала, хаця рэзервіст Дзіамандэ і напружваў заднюю лінію «Насьёнала». Партугальцы мелі выдатныя шанцы, але абарона і Гутар згулялі звышпрафесійна.

Перамога з лікам 2:0 дазваляе больш смела глядзець у будучыню. Гульня праз тыдзень у Фуншале.

«Дынама» група Лігі Еўропы важней. Мадэйра будзе заставацца бездакорным кутком свету і без еўракубкавай восені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?