Расія чакае, што яе грузавікі з так званай «гуманітарнай дапамогай» будуць знішчаныя.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк падчас інтэрв'ю украінскім журналістам.

«Цяпер яны чакаюць, што некалькі машын гэтага так званага канвою будуць разбомбленыя. Прычым расейцамі ж. Але мы не дазволім гэтага», — сказаў Яцанюк.

Менавіта таму, як адзначыў Яцанюк, Кіеў выразна заявіў, што ўся адказнасць ляжыць выключна на РФ і персанальна на Пуціне.

Яцанюк распавёў, што былі агледжаныя 34 расійскія грузавікі, якія апынуліся паўпустымі. Так, у адным з КАМАЗаў, які можа правезці 25 тон, знайшлі 800 кг гарбаты — пару мяшкоў. Астатнія 33 грузавікі былі загружаныя максімум на 8 тон з 25 магчымых.

Яцанюк адзначыў, што з самага пачатку расейцы не планавалі ажыццяўляць ніякую гуманітарную місію.

Па словах прэм'ера, Расія хацела заехаць праз Харкаў на тэрыторыю, кантраляваную украінскім войскамі, а затым пад прыкрыццём «Правага сектара» або іншых украінскіх сіл расстраляць гэты груз і паказаць на веcь свет, «што гэта ж хунта». Аднак гэтыя планы, па словах Яцанюка, былі сарваныя.

Яцанюк таксама перакананы, што мэта Расіі — зрынуць цяперашнюю ўладу ва Украіне і вярнуць яе пад свой кантроль.

«Мэта — гэта не Данецк, мэта — гэта не Луганск, мэта — гэта Украіна», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, расейцы «ніяк не могуць супакоіцца, што мы прынялі рашэнне».

Пры гэтым ён запэўніў, што месца Украіны ў ЕС. «Мы — частка Еўропы, мы туды пайшлі, і мы туды прыйдзем», — заявіў ён.

Яцанюк адзначыў, што асноўная падрыхтоўка расейскіх уладаў заключаецца таксама ў падагрэве пратэстных настрояў сярод украінцаў, каб аднавіць кантроль над Украінай.

Ён выказаў надзею, што ні адзін украінец не дазволіць гэта зрабіць.

Прэм'ер заклікаў набрацца цярпення. «Украіна выйдзе на эканамічнае развіццё. Толькі выжыць трэба, трэба выстаяць», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?