На спецыяльнай прэс-канферэнцыі 30 верасня Microsoft анансуе папярэднюю версію аперацыйнай сістэмы Windows 9 і раскажа пра яе ключавыя асаблівасці. Пра гэта піша партал The Verge.

Падчас прэзентацыі, як пішуць СМІ, будуць прадэманстраваныя новае міні-меню «Пуск», падтрымка віртуальных працоўных сталоў і іншыя змены інтэрфейсу. Верагодным называюць і тое, што ў аперацыйную сістэму будзе ўбудаваны уласны галасавы памочнік Cortana.

Гэтая прэзентацыя стане першай буйной падзеяй для Microsoft пасля таго, як Сат'я Надэла заняў пасаду кіраўніка карпарацыі, змяніўшы ранейшага кіраўніка Стыва Балмера. Літаральна пару дзён таму, 19 жніўня, Стыў Балмер выйшаў са складу савета дырэктараў, канчаткова пакінуўшы кампанію.

Паведамляецца, што папярэдняя версія Windows (пад кодавай назвай Threshold) будзе даступная ўсім жадаючым карыстальнікам, але пры адной умове — ім прыйдзецца даць згоду на аўтаматычныя штомесячныя абнаўленні платформы. Як чакаецца, поўная версія аперацыйнай сістэмы будзе даступная ўвесну 2015 года.

У ліпені кампанія Microsoft ў паведамленні на сваім сайце абвясціла, што 13 студзеня 2015 года спыніць базавую падтрымку аперацыйнай сістэмы Windows 7. Аднак гэта не азначае завяршэння прадастаўлення аўтаматычных выпраўленняў, абнаўленняў або тэхнічнай дапамогі. Пашыраная падтрымка будзе доўжыцца на працягу пяці гадоў. Паступовая адмена падтрымкі больш ранніх версій Windows адпавядае палітыцы Microsoft, паводле якой прадукты атрымліваюць абнаўленні на працягу пэўнага тэрміну, але не менш за 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?