У Ісландыі пачалося вывяржэнне вулкана Бардарбунга. Як перадалі брытанскія тэлеканалы, для авіяцыі ў раёне абвешчана «чырвонае папярэджанне». Яно адносіцца перш за ўсё да грамадзянскіх авіякампаній, якія выконваюць палёты над Ісландыяй, паколькі вулканічны попел можа ствараць небяспеку для рухавікоў самалётаў.

Пакуль цяжка спрагназаваць, як вывяржэнне паўплывае на паветраны рух у рэгіёне. Больш дакладна казаць пра гэта можна будзе пасля таго, як лава пераадолее магутны пласт ледніка, што ўкрывае жарало вулкана.

У 2010 годзе вывяржэнне безназоўнага вулкана пад ісландскім ледніком Эйяф'ятлаёкудль на шэсць дзён паралізавала паветраны рух у небе над большай часткай Еўропы і абярнулася каласальнымі стратамі для авіяперавозчыкаў.

За апошнія некалькі дзён у раёне Бардарбунга была адзначаная вялікая колькасць падземных штуршкоў, самы моцны з якіх дасягнуў магнітуды 4,5. Улады Ісландыі эвакуіравалі людзей з прылеглых да вулкана тэрыторый і перакрылі дарогі ў рэгіёне.

«Аранжавы» (трэці з чатырох) узровень пагрозы вывяржэння быў абвешчаны 18 жніўня. Апошні - «чырвоны» - узровень трывогі аб'яўляецца ўжо пасля яго пачатку.

За гісторыю назіранняў Бардарбунга неаднаразова вывяргаўся з перыядычнасцю раз у некалькі стагоддзяў. Яго апошняе вывяржэнне адбылося ў 1910 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?