Беларускія актывісты наведалі Катынь і вярнуліся да беларуска-расійскай мяжы, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Усю дарогу актывістаў суправаджала міліцэйская машына з уключанай мігалкай. Заязджаць у Смаленск ім было забаронена. У Катыні актывістаў пастаянна здымалі на відэа. Па прыездзе да мяжы яны збіраліся паехаць у Рудню, дзе ўтрымліваюцца Вольга Завадская і яшчэ адзін член каманды, аднак гэта аказалася забаронена.

Нагадаем, 23 жніўня на мяжы з Расіяй пад Смаленскам быў затрыманы аўтобус з прадстаўнікамі розных беларускіх рухаў і партый, якія ехалі ў Катынь ушанаваць памяць загінуўшых. 23 жніўня - Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

Група выехала раніцай і была спыненая ў 12.30. Прадстаўнік расійскай пагранслужбы запатрабаваў ад усіх здаць пашпарты, але грамадзяне Беларусі адмовіліся здаваць дакументы. Памежнік перапісаў звесткі.

Каля 15.00 аўтобус працягваў заставацца на мяжы. Былі затрыманыя два чалавекі - Вольга Завадская, маці зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага, і яшчэ адзін актывіст. Іх павезлі для высвятлення асобы. Актывіста «БХД» Яўгена Батуру прымусілі зняць майку з надпісам «Стоп - Пуцін».

Аўтобус пратрымалі на мяжы некалькі гадзін і адпусцілі толькі за 20 хвілін да закрыцця мемарыяльнага комплексу «Катынь», у які накіроўваліся актывісты. Нягледзячы на позні час, аўтобус накіраваўся па ранейшаму маршруце. Яго суправаджала машына расійскай дарожна-патрульнай службы.

Беларускія грамадскія актывісты планавалі ўскласці кветкі да мемарыяла ахвярам трагедыі 1940, а таксама на месцы гібелі урадавай дэлегацыі Польшчы ў 2010 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?