23—24 жніўня міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей наведаў з афіцыйным візітам Рэспубліку Ірак.
На сустрэчы з прэзідэнтам Ірака, фота mfa.gov.by
У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва міністэрства прамысловасці і канцэрна «Белнафтахім», супрацоўнікі міністэрства замежных спраў, паведамляе прэс-служба МЗС.
Гэта першы візіт беларускай дэлегацыі такога ўзроўню ў Ірак з 2003 года.
24 жніўня У. Макей быў прыняты прэзідэнтам Ірака Мухамедам Фуад Масумам, паведамляе прэс-служба МЗС.
Прэзідэнт Ірака ацаніў візіт кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства як сігнал падтрымкі ірацкага кіраўніцтва ў барацьбе з экстрэмістамі.
У.Макей асудзіў дзеянні тэрарыстычных груп, якія прывялі да маштабных ахвяр сярод ірацкага насельніцтва. Міністрам пацверджана настроенасць Беларусі на пашырэнне партнёрства з Іракам па ўсіх напрамках.
На сустрэчах з дзеючым прэм'ер-міністрам Ірака Нуры Камелем аль-Малікі і кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра Ірака Хайдарам аль-Абадзі падрабязна абмеркаваны магчымыя шляхі нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
У гэтай сувязі прызнана важным правядзенне чарговага пасяджэння Сумеснай Беларуска-Іракскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У.Макей пацвердзіў запрашэнне прэм'ер-міністру Ірака і шэрагу міністраў наведаць Беларусь.
Пад эгідай Федэрацыі гандлёва-прамысловых палат Ірака У.Макей правёў сустрэчу з іракскімі дзелавымі коламі, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі больш за 40 буйных іракскіх кампаній.
Намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі і намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў правялі прэзентацыю прадукцыі падведамных прадпрыемстваў.
З ірацкага боку праяўлена прадметная цікавасць да рэалізацыі з беларускімі партнёрамі праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму, адукацыі. Дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі візіту дзелавых колаў Ірака ў Беларусь.