25.08.2014 / 21:09

Устаноўлены тэрміны пачатку збору журавін і брусніцаў

У Беларусі ўстаноўлены тэрміны пачатку збору дзікіх журавін і брусніцаў.

Як паведамляе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у Віцебскай вобласці брусніцы можна збіраць з 16 жніўня, у Мінскай — з 22 жніўня, у Магілёўскай — з 23 жніўня, у Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях — з 25 жніўня. 

Збор журавін пачаўся 23 жніўня ў Магілёўскай вобласці, 25 жніўня — у Віцебскай і Гомельскай. У Брэсцкай вобласці журавіны можна збіраць з 5 верасня, у Мінскай — з 6 верасня, у Гродзенскай — з 10 верасня.

У Мінпрыроды нагадваюць, што ў адпаведнасці з арт. 15.26 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору або нарыхтоўкі грыбоў, іншых дзікіх раслін або іх частак або іншае парушэнне правілаў збору або нарыхтоўкі цягнуць папярэджанне або штраф у памеры да 20 базавых велічынь для фізічных асоб, да 100 базавых велічынь — для індывідуальных прадпрымальнікаў, да 500 базавых велічынь — для юрыдычных асоб.

У міністэрстве таксама нагадалі, што збор дзікіх ягад магчымы толькі ў выпадку зняцця забароны на наведванне лясоў, якая ў пачатку жніўня была ўведзеная па ўсёй краіне ў сувязі з высокай пажарнай небяспекай. Згодна з арт. 15.29 КоАП, парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках або забароны на іх наведванне, якое не прычыніла ўрону, цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь.

Цяпер у шэрагу раёнаў краіны знята забарона на наведванне лясоў, аднак больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру