30.11.2007 / 14:49

Перайменаваць Берсана ў Вайніловіча можа толькі Лукашэнка 3

Мінюст не рэгіструе перайменаваньне без абмеркаваньня з насельніцтвам. А мэханізму такога абмеркаваньне не існуе. Дэпутаты разьвялі рукамі і пакінулі Берсана ў спакоі. Брыль, Сапега і ўсе сьвятыя адпраўляюцца на паўторную экспэртызу ў Мінюст.


30 лістапада дэпутаты Мінгарсавета адмянілі сваё рашэнне аб перайменаванні вуліцы Берсана ў вуліцу Эдварда Вайніловіча.

Нагадаем, ініцыятыва перайменавання вуліцы Берсана ў вуліцу Эдварда Вайніловіча належыць прадстаўнікам рымска‑каталіцкай царквы.

Як паведаміла ў сваім выступленні на 7‑й пазачарговай сесіі Мінгарсавета старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і спорце Ірына Родзік, Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ад 26 верасня аб перайменаванні сталічнай вуліцы Берсана і прысваенні вуліцам, якія будуюцца ў горадзе, імёнаў Янкі Брыля і Льва Сапегі.

«Пасля прававой экспертызы Мінюст зазначыў, што ў гэтым рашэнні не было ўлічана меркаванне насельніцтва», — зазначыла І.Родзік.

Паводле яе слоў, Мінгарсавет накіраваў у Мінюст ліст з тлумачэннем. У ім казалася, што не існуе механізму ўліку думкі насельніцтва пры прыняцці рашэння аб перайменаванні вуліц, а таксама прыводзіліся матэрыялы са СМІ. Але Мінюст палічыў гэтыя аргументы неабгрунтаванымі і не ўключыў рашэнне Мінгарсавета ў Нацыянальны прававы рэестр.

У выніку сёння Мінгарсавет прыняў новае рашэнне, згодна з якім дзве вуліцы, што праектуюцца, ад праспекта Газеты «Звязда» да вуліцы Гурскага будуць названыя ў гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля і выбітнога дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі, канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі (з гэтай прапановай звярнуліся прадстаўнікі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і шэраг сталічных дзеячаў культуры). Апрача таго, па просьбе прадстаўнікоў праваслаўнай царквы безыменны праезд ад вуліцы Каліноўскага да Мінскай кальцавой аўтадарогі будзе называцца вуліца Усіхсвяцкая.

Марына Носава, БелаПАН.

0
Зося / Адказаць
30.11.2007 / 15:58
Самае цiкавае, што ТБМ збiрала подпiсы за наданне адной з вулiц iмя Янкi Брыля. Мы падпiсвалiся за гэта на афiцыйнай паперы ТБМ. I добраахвотнiкаў, што збiралi подпiсы, было шмат, i подпiсаў было шмат. Што значыць "у гэтым рашэнні не было ўлічана меркаванне насельніцтва»?! Куды падзелiся нашы подпiсы?
0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
30.11.2007 / 18:37
Хутка ён будзе нават час прыбыцця і адпраўлення цягнікоў аб'яўляць
0
UsAnon / Адказаць
30.11.2007 / 21:57
Цікава, а як улічыць меркаванне насельніцтва на Берсана: там і жылога дома ніводнага няма...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру