Пятро Парашэнка на сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 26 жніўня ў Мінску заявіў, што Украіна ратыфікуе пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам у верасні гэтага года, паведамляе афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны. 

Парашэнка пацвердзіў, што адразу ж пасля ратыфікацыі пагаднення ўсе неабходныя дакументы будуць накіраваныя ў Брусель. Ён таксама сказаў, што будучыя парламенцкія выбары ў краіне не стануць перашкодай для ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі, і адзначыў, што «тэкст пагаднення застанецца нязменным» і гэты крок «будзе спрыяць укараненню сапраўдных рэформ ва Украіне». 

«Наша інтэграцыя ў ЕС — гэта наш цывілізацыйны выбар, які ніякім чынам не скіраваны ні супраць каго.

Наадварот, пагадненне станоўча паўплывае на адносіны з усімі нашымі суседзямі ў першую чаргу ў эканамічнай сферы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы міжнародныя партнёры ўспрынялі наша рашэнне», — цытуе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. 

Ён выказаў надзею, што саміт 26 жніўня ў Мінску будзе спрыяць «пошуку дыялогу, у тым ліку ў пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва». Парашэнка дадаў, што падпісанне Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС не нясе для суседніх краін «рызык і страт» у эканамічнай сферы. «Мы зацікаўленыя ва ўзаемавыгадных эканамічных адносінах з усімі суседзямі і партнёрамі», — сказаў ён. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?