Дзяржаўныя мэдыі ўзносяць да нябёсаў той факт, што Беларусь заняла даволі высокае — 64-е месца ў сьвеце паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП). Незалежныя рэсурсы не пакідаюць ад паказчыка каменя на камені. А некаторыя ўвогуле палічылі за лепшае праігнараваць навіну: хіба ж можна прызнаваць, што пры існым рэжыме магчымыя нейкія дасягненьні?

Гэты ААНаўскі рэйтынг сапраўды вельмі ўмоўны. Дастаткова сказаць, што ў ім фантастычна высока стаіць Куба (51-е месца!). То бок чыньнік дэмакратыі і правоў чалавека як сьлед ня ўлічваецца.

Што да нашай краіны, то пагоду робіць высокі ўзровень пісьменнасьці — 99,6% (параўнайце: у Эгіпце, калысцы вялікай цывілізацыі, блізу паловы жыхароў ня ўмеюць чытаць). Ня самы горшы і паказчык чаканай працягласьці жыцьця — 68,7 году. Вядома ж, тут беларусам далёка, напрыклад, да ісьляндцаў (іх краіна паводле ІРЧП выйшла на першае месца, абагнаўшы Нарвэгію). Але з улікам нашага суцэльнага экстрыму — гістарычнага, палітычнага, побытавага (масавае п'янства, паленьне і г.д.) — сьмела можна казаць пра жывучасьць нацыі.

Ну і, нарэшце, грае ролю той нюанс, што ВУП у дадзеным выпадку лічыцца паводле парытэту пакупной здольнасьці. Тады ён у нас падскоквае болей чым удвая (ААН апэруе лічбай пад 8 тысяч даляраў на чалавека за год). Загадку гэтага айчыннага фэномэну вам лепей патлумачаць фінансава-эканамічныя экспэрты. А калі двума словамі, то адэкватнасьць гэтага паказчыку сумнеўная.

І ўсё ж!

Па мне, дык надта ўжо накідацца на той ІРЧП ня варта. Калі ёсьць сьведчаньні пэўных дасягненьняў нацыі, то чаму б і ня даць волю сьціпламу гонару? :) Падстаў пачувацца занядбанымі ў беларусаў і так багата.

Калі пра нешта звоніць дзяржаўная прэса, то не заўжды варта камэнтаваць з дакладнасьцю да наадварот. Той індэкс ёсьць, урэшце, не медалём для рэжыму, а сьведчаньнем нашага чалавечага патэнцыялу. Вось што да ягонай рэалізацыі, то тут уладзе сапраўды можна адрасаваць шмат рытарычных пытаньняў — наконт свабоды прадпрымальніцтва і мэдыяў, стану грамадзянскіх правоў, якасьці той жа адукацыі і г.д. (вы лёгка працягнеце гэты сьпіс).

Але ў любым выпадку ААНаўскі паказчык ілюструе як мінімум тое, што беларусы ня зломкі. Астатняе прыкладзецца.

ЗЫ. А ўсё ж шпільку дзяржаўным прапагандыстам варта ўваткнуць :) Трубяць, што, вось, глядзеце, Беларусь увайшла ў групу краін з высокім ІРЧП — але ні гу-гу пра тое, што гэтым разам ААН пашырыла саму групу ад 63 да 70 дзяржаў. Каб ня гэта, сядзелі б у другой лізе!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?