Старшыня брэсцкай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Людміла Дзенісенка, якая балатавалася ў Брэсцкі гарадскі савет па выбарчай акрузе № 13 на выбарах у мясцовыя саветы ў сакавіку 2014 года, абскардзіла ў абласным судзе адмову суда Ленінскага раёна Брэста ў распачынанні грамадзянскай справы па яе скарзе на неправамерныя дзеянні выбарчых камісій і дзяржаўнага органа. 

«Суддзя раённага суда вынесла пастанову аб адмове ў распачынанні грамадзянскай справы па маёй скарзе, абгрунтаваўшы яе непаведамнасцю, — паведаміла Дзенісенка. — Я лічу довады неабгрунтаванымі. І ў пацвярджэнне гэтаму ў скарзе, накіраванай 27 жніўня ў абласны суд, прыводжу артыкулы Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, Канстытуцыі Беларусі і прашу адмяніць пастанову суддзі Ленінскага раёна Брэста». 

Паводле слоў Дзенісенкі, праз раённы суд яна хацела дамагчыся атрымання спіса выбаршчыкаў участка № 44, якія прагаласавалі дома. 

З пратакола гэтай участковай камісіі вынікае, што 23 сакавіка дома прагаласавала 168 чалавек. На думку Дзенісенкі, за дзень абысці такую колькасць дамоў немагчыма на выбарчым участку ў сектары прыватных жылых забудоў, і экс-кандыдат ў дэпутаты хацела праверыць, ці сапраўды гэтыя 168 чалавек галасавалі па месцы жыхарства. 

Заяву ў раённы суд Дзенісенка падала пасля беспаспяховых зваротаў у Брэсцкую абласную і Брэсцкую гарадскую выбарчыя камісіі з просьбай даць спіс выбаршчыкаў участка, якія прагаласавалі дома, а таксама ў пракуратуру Брэста — правесці праверку па гэтым факце і абавязаць адпаведныя органы падаць такі спіс. Пасля таго як з пракуратуры ёй адказалі, што спіс выбаршчыкаў, якія галасавалі дома, знаходзіцца ў адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, звярнулася туды. І таксама безвынікова. 

15 жніўня Дзенісенка падала скаргу ў суд Ленінскага раёна Брэста і патрабавала прызнаць адмовы выбаркамаў неправамернымі, што парушаюць ч. 4 арт. 49-1 Выбарчага кодэкса, у адпаведнасці з якім ой заяўнік мае права знаёміцца з матэрыяламі, звязанымі з разглядам яго звароту, а таксама абавязаць адміністрацыю Ленінскага раёна Брэста падаць спіс выбаршчыкаў участка № 44, якія прагаласавалі на даму, для азнаямлення і вырабу копіі. 

«Паглядзім, што адкажуць мне з абласнога суда. Але цяпер я ўсё больш прыходжу да высновы: адцягваючы час, спрабуюць схаваць магчымую фальсіфікацыю вынікаў выбараў на гэтым участку. Таму што праз паўгода пасля правядзення выбараў спісы выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, знішчаюцца», — заявіла Дзенісенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?