Пасля прыбыцця кожны з іх будзе пад наглядам лекараў 21 дзень.

Тры тыдні — максімальны інтэрвал паміж інфікаваннем і праявай сімптомаў ліхаманкі Эбола. Каб папярэдзіць яе ўвоз у краіну, Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала ўстановам адукацыі, аховы здароўя і санэпідслужбы весці ўлік замежных студэнтаў з небяспечных рэгіёнаў.

У Гомелі ў спіс трапілі 29 афрыканцаў, якія навучаюцца ў медыцынскім універсітэце.

«З Нігерыі ў верасні прыедуць першакурснікі, з канікул вернуцца студэнты старэйшых курсаў», — распавяла дэкан факультэта па падрыхтоўцы спецыялістаў для замежных краін медыцынскага універсітэта Святлана Ходулева.

Першую пільную ўвагу да сябе будучыя медыкі адчуюць на аўтадарожных пунктах пропуску і ў аэрапортах. Ужо там эпідэміёлагі пагутараць з імі, збяруць анамнез, памераюць тэмпературу. Калі нішто не выкліча падазрэнні, аналагічныя дзеянні зробяць лекары ў гарадскіх паліклініках. Яны будуць штодня аглядаць студэнтаў са спісу на працягу 21 дня.

«Па нашых звестках, усё нігерыйцы прыбудуць у Гомель да 10 верасня. Да кастрычніка будзем дакладна ведаць, ці ёсць сярод іх носьбіты віруса Эбола, — адзначае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гомельскай вобласці Аляксандр Тарасенка. — Пры падазрэнні на захворванне студэнты будуць шпіталізаваны ў інфекцыйную бальніцу».

У ліку асноўных сімптомаў ліхаманкі Эбола Сусветная арганізацыя аховы здароўя называе высокую тэмпературу, слабасць, цягліцавыя болі, галаўны боль і боль у горле. За імі ідуць ваніты, дыярэя, сып, парушэнне функцый нырак і печані, у некаторых выпадках унутраныя і знешнія крывацёкі.

Як заявіла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, у Беларусі пагрозы эпідэміялагічнай сітуацыі ў сувязі з успышкай ліхаманкі Эбола ў Заходняй Афрыцы не назіраецца. Разам з тым будзе не лішнім памятаць, што ад чалавека чалавеку вірус перадаецца пры цесным кантакце з усімі біялагічнымі вадкасцямі. Калі не дакранацца да хворага, заразіцца немагчыма. Максімальнай рызыцы падвяргаюцца тыя, хто выязджае ў прыродныя ачагі заражэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?