Не ведаю, што гэта: падняўся агульны ўзровень беларускага чэмпіянату, ці гэта нашыя каманды адолелі нейкі псіхалагічны бар’ер, ці можа проста постаць «гарнякоў» Сяргея Бароўскага сыграла сваю ролю, але салігорскі «Шахцёр» выйшаў на матч супраць нідэрландскага ПСВ (таго самага, які мы бачылі на тэлебачанні ў Лізе чэмпіёнаў з Мемфісам Дэпаем у асноўным складзе і Філіпам Каку ў ролі галоўнага трэнера) і нічым не саступіла грозным супернікам.

Цана перамогі ў гэтай канкрэтнай гульні на «Барысаў-Арэне» была вельмі высокай – выхад у групавы этап Лігі Еўропы. А паглядзець на «Шахцёр» у гэтых спаборніцтвах вельмі хацелася. «Шахцёр» яшчэ не сапсаваны гламурам. Тут табе мінімум модных прычосак і інстаграм-акаўнтаў. Хлопцы за салігорцаў гуляюць простыя, нібыта нядаўна выйшлі з шахты. Гэтым каманда і прываблівае.

Першы матч скончыўся мінімальнай перамогай ПСВ. Мікалай Януш напрыканцы гульні меў цудоўны момант адыграцца, але прамазаў з выгаднай пазіцыі.

На матч у адказ трэнер беларусаў Сяргей Бароўскі сказаў, што яго каманда ні ў якім разе не кінецца наперад забіваць галы. Галоўнае – захаваць тылы, а шанец у атацы па-любому ўзнікне. І яны былі!

З паўтузіна шанцаў, але ніводнага такога пра які заштампавана кажуць «стопрацэнтны». То Асіпенка не зможа зачапіцца за мяч, то Рыёсу не хапала дакладнасці.

ПСВ у першым тайме не стварыў увогуле ніводнага моманта. Шанцы ў іх пачалі з’яўляцца толькі ў апошнюю дзесяціхвілінку, калі «Шахцёр» быў вымушаны адкрывацца. Брамнік Каценка колькі разоў выратоўваў каманду.

А на 89-ай хвіліне індывідуальнае майстэрства прадэманстраваў Мемфіс Дэпай, гулец зборнай Нідэрландаў, ён наматаў адразу трох абаронцаў «Шахцёра» і накіраваў мяч у сетку – 0:1. Яшчэ праз пару імгнення Дэпай павялічыў перавагу сваёй каманды – 0:2. Але гэты гол нічога не вырашаў.

За «Шахцёр» у гэты розыгрыш не сорамна. Каманда нарэшце прайшла два раўнды ў еўракубках ды і з ПСВ не зганьбілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?