Сюжэт з разьмеркаваньнем тытуляванай блогеркі АКбары навеяў успаміны пра савецкі час. Я ж таксама вучыўся на журфаку Белдзяржунівэрсытэту — у 70-х.

Дык вось, тады супрацоўніцтва з агульнанацыянальнымі мэдыямі ўсяляк віталася і заахвочвалася. Для студэнтаў быў добры стымул: калі на перад выпускам на цябе дашле ў камісію заяўку "Знамя юности", "Чырвоная змена" ці якое іншае рэспубліканскае выданьне — то гэта гарантаваны варыянт, што трапіш у прэстыжную рэдакцыю.

Яшчэ болей: тым студэнтам, якія пачыналі стала працаваць у мэдыях паралельна з вучобай на дзённым аддзяленьні, дазвалялі вольнае наведваньне лекцыяў. Гэта было крута: поўныя кішэні грошай (карэспандэнту моладзевай газэты плацілі 125 рублёў акладу плюс ганарар) — і поўная вольніца!

Мне на трэцім курсе пашэнціла трапіць у штат "Знамени юности" — лібэральнага, разьняволенага па тагачасных мерках выданьня. Ягоны імідж стваралі Яўген Будзінас (сьветлая памяць!), Ядзьвіга Юферава, Уладзімер Някляеў — куміры прасунутай моладзі. Шалёнай папулярнасьцю карысталіся фэльетоны ды спартовыя справаздачы маладога Паўла Якубовіча.

Мае ж сьціплыя публікацыі ў "Знаменцы" нярэдка забясьпечвалі аўтаматам залікі па шэрагу дысцыплінаў — напрыклад, па курсе тэорыі ды практыкі журналістыкі. Разумныя выкладчыкі казалі, што "журфак пісаць не навучыць", і аддавалі прыярытэт менавіта практыцы.

Мне падабалася пісаць пра будатрады. Канешне, гэтая справа таксама была трохі ідэалягізаваная. У кожным СБА меўся камісар, які ладзіў наглядную агітацыю і г.д. Але ўвогуле будатрадаўскі рух быў добрай пляцоўкай ініцыятывы, арганізатарскага досьведу дый сродкам някепскага заробку для студэнцтва.

Нейкі час ваш пакорлівы слуга супрацоўнічаў і з "Вожыкам". Сатырычны часопіс даваў рэдкую магчымасьць публічна пакрытыкаваць "асобныя недахопы" савецкай рэчаіснасьці. Але там жа я, бадай, упершыню сутыкнуўся з цэнзурай. Напісаў гумарэску пра даўжэзныя чэргі ў танную студэнцкую сталоўку. Закруціў сюжэт пра таямнічыя зборы студэнта, як на Паўночны полюс: цёплае адзеньне, сухі паёк і г.д. У выніку высьвятлялася, што браць з сабой харчаваньне трэба дзеля таго, каб… не самлець у чарзе па ежу. Натуральна, што гэтая немудрагелістая інтрыга здавалася мне тады дасьціпнай аўтарскай знаходкай:)

Купляю сьвежы нумар. Ёсьць! Але высьветлілася, што матар'ял элегантна "палепшылі". Апошнім радком ішла фраза, што гэта чарга… на ўльтрамодны іншаземны фільм. Спрактыкаваныя рэдактары забілі такім чынам двух зайцоў: абышлі табуяваную харчовую праблему ды яшчэ й высьмеялі "нізкапаклонства перад Захадам". Болей я ў "Вожык" не пісаў.

А ў "Знаменку" разьмеркавалі без праблемаў. Увогуле ў рэспубліканскія рэдакцыі з нашага курсу трапілі чалавек 15-20 (курс быў моцны), і, здаецца, нікому ня ладзілі перашкодаў.

Зрэшты, хто хацеў, выбіраўся пасьля адпрацоўкі і з глыбінкі. Добрыя пёры сталіца цаніла.

Пра цяперашнія ж разьмеркавальныя жарсьці столькі напісана, што й дадаць няма чаго. Адна рэч, калі дзяржава гарантуе маладога адмыслоўца ад беспрацоўя, і зусім іншая — калі гэта пачынае нагадваць прыгонны лад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?