01.12.2007 / 12:50

Чалавек лістапада 43

Хто варты званьня асобы апошняга восеньскага месяца? Чые справы былі найважнейшымі, хто найбольш заслужыўся для беларускай супольнасьці? Запрашаем чытачоў да галасаваньня.

Хто варты званьня асобы апошняга восеньскага месяца? Чые справы былі найважнейшымі, хто найбольш заслужыўся для беларускай супольнасьці? Запрашаем чытачоў да галасаваньня.

Выдаўцы «Карлсана». Група энтузіястаў выдала па-беларуску адзін з самых вядомых твораў швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карлсан-з-даху». Пераклаў казку Юрась Жалезка, рэдактарам кнігі выступіў Лявон Баршчэўскі. Праектам апекаваліся Настасься Мацяш і Алесь Яўдаха. Выдаўцы спрабуюць запоўніць пустку зь беларускамоўнай дзіцячай літаратурай, якая ўтварылася праз лукашэнкаўскае кіраваньне. Цяпер да друку рыхтуецца яшчэ адна казка Ліндгрэн пра «Піпі Доўгуюпанчоху».

Кульлінковіч і рок-музыкі. Лістапад для музыкаў пачаўся забаронай клюбнай прэзэнтацыі новага альбому «Нэйра Дзюбэля» «Штазі». Лідэр гурту Аляксандар Кульлінковіч пракамэнтаваў гэтую сытуацыю проста: «Выцерлі ногі». Аднак 21 лістапада адбылася сустрэча музыкаў Лявона Вольскага, Аляксандра Кульлінковіча, Піта Паўлава, Ігара Варашкевіча і Алега Хаменкі з галоўным ідэолягам краіны Алегам Праляскоўскім. Чыноўнік паабяцаў рокерам зьняць зь іх забарону, калі музыкі адмовяцца выступаць на мітынгах апазыцыі. Паход музыкаў у Адміністрацыю прэзыдэнта выклікаў неадназначную рэакцыю сярод удзельнікаў інтэрнэт-форумаў і блогаў: адны хваляць іх за сюрпрыз, за неардынарную спробу зьняць забарону зь беларускай культуры, другія ганяць за канфармізм.

Аляксандар Глеб. Зборная Беларусі па футболе правяла надзвычай удала лістападаўскі адрэзак. Спачатку ў Тыране нашы хлопцы перайгралі альбанцаў (4:2), пасьля чаго ў Менску пераможанымі аказаліся моцныя галяндцы. Гэта дазволіла зборнай падняцца ў рэйтынгу ФІФА на амаль рэкорднае 60-ае месца. З прыходам Бэрнда Штанге на трэнэрскі мосьцік, Глеб загуляў за зборную з зусім іншым імпэтам. Плюс да ўсяго ён стаў капітанам каманды. Напрыканцы месяца паўабаронца лёнданскага “Арсэналу” быў пяты раз прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі .

Кацярына Салаўёва. 19-гадовай полацкай дзяўчыне пагражаюць адразу трыма крымінальнымі справамі – за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, абразу чырвона-зялёнага сьцяга і нанясеньне палітычных графіці. Толькі за апошні месяц у Полацку невядомыя двойчы вывешвалі над гарвыканкам бел-чырвона-белы сьцяг. КДБ ужо некалі разоў праводзіў допыты дзяўчыны, таксама адбыўся ператрус у інтэрнаце, дзе Кацярына жыве. Напрыканцы месяца кіраўніцтва Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту на паседжаньні адмысловай дысцыплінарнай камісіі прыняло рашэньне аб немэтазгоднасьці далейшага навучаньня Кацярыны Салаўёвай.

Аляксандар Радзькоў. Міністар адукацыі быў адзінагалосна абраны старшынём рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”. Многія лічаць, што менавіта на базе “Белай Русі” можа быць створаная беларуская партыя ўлады. У адным зь першых інтэрвію пасьля абраньня Радзькоў заявіў: «Мы маем намер супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі асобамі, у тым ліку і з апазыцыйнымі. Нам цікавая гэтая дыскусія, сутыкненьне меркаваньняў. Мы гатовыя да размовы і дыялёгу з усімі і з кожным».

J-mors. Папулярны музычны гурт выпусьціў першы беларускамоўны альбом “Адлегласьць”. На дыск увайшло 11 песень, сярод якіх — тры песьні з папярэдніх альбомаў, два пераклады кампазыцый з расейскай мовы і шэсьць новых запісаў. Лідэр гурту Ўладзімер Пугач так матываваў выданьне беларускамоўнага дыску: «Даказаць сабе і іншым, што беларускамоўная музыка таксама можа быць папулярнай і павінна гучаць на радыё».

Уладзімер Савіч. Кіраваць Саюзам мастакоў у наступныя тры гады будзе прафэсар і незалежная асоба. Уладзімер Савіч на апошнім зьезьдзе Саюзу перамог свайго канкурэнта скульптара Аляксандра Дранца ўсяго на два галасы.

Натальля Ільініч. Пухавіцкі раённы суд асудзіў настаўніцу зь вёскі Талька да 1,5 гадоў папраўчых працаў. Яе абвінавацілі ў падбухторваньні да падробкі мэдыцынскай даведкі. Даведка была прызначаная для дачкі спн. Натальлі, Дар’і, якая сёлета вясной езьдзіла ў Польшчу, каб паўдзельнічаць у гістарычным сэмінары. Дар’ю спрабаваў завэрбаваць супрацоўнік КДБ, палохаючы, што дасьць хаду справе з даведкамі. Дзяўчына адмовілася ад супрацоўніцтва. Натальля Ільініч увесь час рашуча была на баку дачкі, і нават суд яе не зламаў.

Гары Каспараў. Дэмакратыя ў Расеі перажывае цяжкія часы. Прастора свабоды скурчылася, асноўныя правы чалавека абмежаваныя нават мацней, чым у Беларусі. Шавіністычны псыхоз крапчэе зь месяца ў месяц. У Маскве прайшоў чарговы «Марш Нязгодных». На акцыю выйшла каля чатырох тысяч сьмелых людзей. АМОН ужыў сілу супраць дэманстрантаў, было шмат затрыманых. Да пяці сутак арышту быў асуджаны экс-чэмпіён сьвету па шахматах Гары Каспараў, якія спрабуе згуртаваць розныя палітычныя сілы, інтэлектуалаў і грамадзянскую супольнасьць на абарону свабоды і плюралізму. Дзейнасьць людзей кшталту Каспарава пакідае Расеі надзею на эўрапейскую будучыню.

Просім галасаваць у акенцы для апытаньняў.

Выкарыстаньне інтэрнэт-праграмаў для накруткі колькасьці галасоў за адну з опцый — гэта непавага да іншых людзей. Рэдакцыя адсочвае гэтыя накруткі і ня ўлічвае іх пры падвядзеньні вынікаў. Так гэта здаралася ўжо 4 разы.

Зьміцер Панкавец

0
МФавец! / Адказаць
01.12.2007 / 12:57
Кацярына Салаўёва! Рэд. Галасуйце, калі ласка, у акенцы для апытаньняў зь левага боку старонкі.
0
обезбашенный КХПист / Адказаць
01.12.2007 / 14:34
1.Я тоже за Кацярыну Салауеву. Держысь "катенок"!!!! 2.На втором бы месте я поставил бы издателей Карлсона на белорусском, неплохо. Я помню когда-то "Архе" переводил Ирвина Уэлша на белорусский, там был также на белорусском очень культовый текст "Унабомбер", сейчас к сожелению в этом журнале в основном политика, а жаль... 3. Насчет J-морс я не понимаю этих восторгов, они слишком попсовая команда. Самые лучшие белорусские рок-команды - это молодые - Сцяна, Зьніч, IQ48, Глюкі, Krok, ну и особняком конечно же Вайцюшкевич 4. К чему в списке Каспаров вообще не понимаю, как и Родьков.
0
Кацярына / Адказаць
01.12.2007 / 15:28
знамя Твое надо-мною Любовь!!!!
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру