Усе навучэнцы абрушанай гімназіі ў Крычаве сядуць за парты 1 верасня ў іншых школах горада, паведаміў старшыня Крычаўскага райвыканкама Васіль Сысоеў.
Нагадаем, сёння раніцай у Крычаве абрушылася цэнтральная частка будынка мясцовай гімназіі 1979 года пабудовы. Ніхто не пацярпеў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле «Службовая халатнасць». У гімназіі вучацца больш за 500 чалавек.
«Усе размяшчаюцца цудоўна ў іншых школах горада Крычава», — сказаў Сысоеў. Паводле яго слоў, сельскія школы задзейнічаны не будуць.
Што да занятасці настаўнікаў гімназіі, то, як адзначыў кіраўнік райвыканкама, гэта арганізацыйнае пытанне, якое будзе вырашана.
Будынак гімназіі, у якім здарылася абрушэнне канструкцый, пакуль выкарыстоўвацца не будзе, сказаў Сысоеў.
У Крычаве акрамя гімназіі яшчэ чатыры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.