На Youtube сёння з'явіўся зварот жанчыны, як яна кажа, ад «снайперкі з Барысава», запісаны, як сцвярджае, 28 жніўня.

«Я жыву, сёння 28 жніўня, 27 жніўня ў Інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што я загінула, гэта не так. Я хачу адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, я спарола з формы беларускі сцяг, я не хачу яго насіць. Мне перастаў падабацца мой прэзідэнт, бо ён падтрымлівае Парашэнку. У інтэрнэце я прачытала, што беларускія нацыяналісты вельмі жадаюць маёй смерці. Я дам ім магчымасць сказаць мне гэта ў твар».

Яна кажа, што сышла з атрада і зараз працуе адна. Яна кажа, што яе бралі ў палон, але «пазаўчора сказалі, што мяне забілі, гэта не так. На фота нейкі мёртвы хлопчык».

Зазначае таксама, што бывала ў Кіеве, ведае, дзе знаходзіцца Вярхоўная Рада — «вельмі добрае для мяне месца». «Мяне назвалі тэрарыстам і наёмнікам, я не была наёмнікам і тэрарыстам… Бацька, мне стаць наёмнікам і тэрарыстам?», — пытаецца яна.

Яна таксама звярнулася да маці: «Мама, мне вельмі шкада, што табе прыйшлося пераехаць». Прыгразіла сайту Хартыі'97 і «бел-чырвона-белым таварышам». Пры канцы відэа яна кажа, што збіраецца ў Кіеў.

***

Нагадаем, што снайперкай з Барысава, якая ваюе на баку «апалчэнцаў», называюць Наталлю Красоўскую. У пачатку чэрвеня яна распавяла расійскім журналістам, як пачала ваяваць у Славянску, і перадала прывітанне асабіста Лукашэнку.

«Я прыехала сюды 5 мая. А 7 мая я была ўжо ў Славянску. Я нарадзілася ў Беларусі. Вырасла ў Беларусі. І да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Мінскай вобласці, горадзе Барысаў, на вуліцы Трусава. Я не баюся паказваць свой твар і пашпарт», — прызнавалася яна.

Раней з'яўлялася інфармацыя аб тым, што Наталлю кантузіла пад Славянскам. Потым некаторыя СМІ памылкова паведамілі, што яе затрымалі ўкраінскія сілавікі, а 27 жніўня з'явілася інфармацыя, што яна загінула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?