02.12.2007 / 13:00

Расея абірае "калектыўнага Пуціна" 17

Палітолягі разважаюць: паколькі расейскі рэжым усё болей падобны на беларускі, а ў нечым нават яго і перасягнуў што да закручваньня шрубаў, дык ці не падхлісьне гэта "братнюю інтэграцыю"? Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Працэс пайшоў. На выбарах у Думу прагаласавалі ўжо Камчатка ды Чукотка. Інтрыгі няма. Зразумела, што элегантна перамагае "калектыўны Пуцін".

Якой бы ні стала канфігурацыя ўлады ў Расеі пасьля гэтых дзьвюх кампаніяў — сёньняшніх выбараў у Думу ды прэзыдэнцкіх у сакавіку 2008-га, відавочна, што групоўка цяперашняга гаспадара Крамля ня выпусьціць лейцаў з рук.

Таму варта чакаць, што ў дачыненьні да Беларусі будзе весьціся той самы курс. Будуць ціснуць эканамічна і дамагацца палітычных саступак. Даволі востра стаіць праблема экспансіі расейскага капіталу. Пра намер іхніх таўстасумаў скупіць "гэты кавалак зямлі" не аднойчы казаў апошнім часам і Аляксандар Лукашэнка.

Але ці ёсьць у беларускай улады рэсурсы супрацьстаяньня? Пакуль мы бачым хіба што спробы захаваць умоўны балянс пры распродажы пакетаў акцый. Нешта трапляе расейцам, але разам з тым, "Вэлком", напрыклад, прадалі ўсё ж у выніку аўстрыйскай кампаніі.

Перад думскімі выбарамі Крэмль нечувана ўзьняў градус антызаходняй рыторыкі. На гэтым тле афіцыйны Менск зь яго хай сабе і своеасаблівымі развагамі пра дыялёг здаецца ледзь ці ня ўзорам палітычнае культуры :) Ва ўсякім разе, Пуцінава пэрліна: маўляў, хай заходнікі ня сунуць "смаркаты нос" у расейскую палітыку — па-за канкурэнцыяй.

Палітолягі разважаюць: паколькі расейскі рэжым усё болей падобны на беларускі, а ў нечым нават яго і перасягнуў што да закручваньня гаек, дык ці не падхлісьне гэта "братнюю інтэграцыю"?

Тут ўсё ня так адналінейна.

Цікава, што на нядаўнім сэмінары для мясцовай вэртыкалі афіцыйны кіраўнік Беларусі ўзьняў геапалітычную тэму. Маўляў, наша краіна мусіць максымальна скарыстаць выгаду ад знаходжаньня між двума моцнымі полюсамі — Расеяй ды Эўропай.

Ідэя ў прынцыпе ня новая. Так спрабавалі некалі Броз Ціта, Чавушэску. Але для сёньняшняй Беларусі абсяг манэўру даволі вузкі.

Зразумела, што саступкі патрабаваньням Захаду пагражаюць кіроўным вярхам Беларусі паступовым распаўзаньнем сыстэмы з усімі непрыемнымі для іх наступствамі. Але ж і гульні з Расеяй усё болей небясьпечныя. Бізантыйскія норавы Крамля не дазваляюць спадзявацца на нейкую джэнтльмэнскую дамову, урэшце — на гарантыі. Імпэрыя можа толькі зьесьці. Эўропа, ва ўсякім разе, не імпэрыя.

Што ж да нашай дэмакратычнай грамадзкасьці, то вынікі выбараў у Расеі і ўвогуле цяперашні крамлёўскі трэнд наўрад ці яе дэмаралізуюць. Наадварот. Пры тым што імпэрская небясьпека застаецца, пакрысе мацнеюць надзеі на тое, што ў Беларусі будзе ў выніку іншы трэнд.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ

0
Radykal / Адказаць
02.12.2007 / 14:02
Фашызацыя Расеі мае адзін вялікі плюс: Пуцін на месцы "лидера нации" (der Führer der Nation) амаль канчаткова нявечыць надзеі Лукашэнкі ачоліць расейскіх чырвона-карычневых у абмен за ліквідацыю нашай дзяржаўнасьці.
0
Калектыўны чытач / Адказаць
02.12.2007 / 17:36
Які сэнс вы ўкладаеце ў панятак ''калектыўны Пуцін''?
0
vaukalak / Адказаць
02.12.2007 / 19:20
"fashyzacyja Rasei"? Vy maece na uvaze trend viarnuc' uladu u Rasei tytulnaj nacyi? Ale heta ne fashyzm, pavazhany.
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру