Невядомыя напалі на дэпутата Пскоўскага абласнога Сходу дэпутатаў, кіраўніка мясцовага аддзялення партыі «Яблоко» Льва Шлосберга, які вёў расследаванне аб гібелі пскоўскіх дэсантнікаў.
Як паведаміў у сваім «Твітэры» лідар «Яблока» Сяргей Мітрохін, напад быў здзейснены за 300 метраў ад дома дэпутата. Нападнікаў было двое, яны збеглі.
Цяпер дэпутат знаходзіцца ў абласной бальніцы, у яго дыягнаставаная чэрапна-мазгавая траўма і частковая страта памяці.
«Напад на Льва Шлосберга, хутчэй за ўсё, звязаны з яго расследаваннем аб гібелі пскоўскіх дэсантнікаў», - напісаў Мітрохін.
Журналісты і блогеры ўжо больш за тыдзень расследуюць паведамленні аб тым, што расійскія дэсантнікі з Пскова апынуліся ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне, некаторыя нават загінулі або трапілі ў палон.