Беларуская мова нар-маль-ная, хай не такая распрацаваная як польская, але прычыны вядомыя, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Прыгожая-непрыгожая — балючае, аказваецца, пытаньне. Але лепей выкінуць акуляры, палова шкельцаў якіх ружовая, палова — чорная.

Якая ў рэшце рэшт розьніца: грубая яна ці не? Што гэта дае ці зьмяняе ў нашым становішчы? Хай, ня вельмі грубая, ці зусім не, што з таго? Мы болей адчуем тады замілаваньня, шкадобы да яе, праз несправядлівасьць, праз дыскрымінацыю нашай самай прыгожай, мілагучнай, мэлядыйнай, чыстай, крынічнай і г.д.? Што: ёй праз гэта лягчэй стане, лепей? Ці нам? Вось жа ворагі — паразіты гэтак яе топчуць, а яна такая цудоўная, халера!..

Зважаючы на мілагучнасьць, мове ўжо выстаўляюць балы ледзьве не паводле шкалы Фарэнгейта. Што й каму хочуць давесьці? Каго расчуліць? Згрызоты сумленьня чые абудзіць? Ворагаў беларушчыны? “Не, яна зусім не такая, яна ня грубая, не прымітыўная, як яны гавораць, не…” Яна насамрэч цудоўная, прыўкрасная, вартая лепшага лёсу і да т.п. Бо сам народ яе, можна сказаць, любіць нават, але моўчкі. Гэх, вось каб улада загадала любіць уголас. Але яна не загадае, каманды ня будзе любіць. Марная справа да яе зьвяртацца: не любіла і не палюбіць, не дапаможа. Як была ў рэзэрвацыі мова, засунутай за шафу, так і застанецца. Бо ў гэтым жа і ўвесь сэнс!

Нам цынічна кажуць: беларуская мова вашая “самая прыгожая”, чулі? Чаго вам яшчэ трэба? Радуйцеся, гуляйце з гэтай сваёй цацкай і ня лезьце не ў свае справы. У БССР была сапраўдная моўная рэзэрвацыя — Саюз пісьменьнікаў. Сёньня яна пашырылася, а мы ў ёй, як атрымліваецца, нібы індзейцы. Ня вельмі прыемна, ясна. Але ж індзейцы заўжды ў сябе дома, на сваёй тэрыторыі. Яны, хочучы ня хочучы, бо гарадзкія, вывучылі рэшткі пушчаў і балатоў, адшукалі партызанскія сьцежкі, ды пацікавіліся тактыкай дзеяньняў. Вельмі па-індзейску атрымалася.

Уздыхаць па пракаветных часах, калі яшчэ Калюмб не адкрыў Амэрыку, і калі чужацкія навалы ня рушылі на нашыя індзейскія землі, пра янычараў ніхто ня чуў і даражэнькія продкі пісалі на сваіх бяростах не зусім так, як цяпер, дальбог, неканструкцыйна. Ня варта хаваць галаву ў пясок, усё ж мы зноўку распаўсюдзіліся па індзейска-абарыгенскіх абшарах, нашыя коні спрытныя, мы ўмеем арыентавацца па сьлядох і ў нас ёсьць бумэрангі, а гэта таксама ня абы што.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?