Амерыканскі эксперыментальны прэпарат Zmapp, створаны для лячэння ліхаманкі Эбола, прайшоў тэсціраванне на малпах і паказаў стоадсоткавую эфектыўнасць, у тым ліку на пазнейшых этапах захворвання, паведамляюць інфармагенцтвы.

У ходзе тэсціравання прэпарата ўсе 18 макак, заражаныя Эболай, выжылі. Жывёлы прымалі Zmapp праз пяць дзён пасля заражэння вірусам. Для малпаў гэта досыць позняя стадыя заражэння — вірус робіцца смяротным праз тры дні. Навукоўцы лічаць, што гэта сур'ёзны паказчык, паколькі раней лячэнне неабходна было пачынаць яшчэ да з'яўлення сімптомаў.

Гары Кобінгер з Агенцтва грамадскай аховы здароўя Канады, які ўваходзіў у групу даследчыкаў, сказаў, што новыя пошукі з'яўляюцца велізарным крокам у стварэнні патрэбнага спалучэння антыцелаў. «Вынікі пераўзышлі ўсе мае чаканні. Мяне здзівіла, што лепшае спалучэнне выратавала жывёл, якія хварэлі ўжо цэлых пяць дзён. Гэта цудоўна, — адзначыў ён. — Характэрна, што нам удалося выратаваць некаторых жывёл з найбольш запушчанай стадыяй захворвання».

Паводле дадзеных СААЗ, у Заходняй Афрыцы смяротным вірусам могуць заразіцца больш за 20 тыс. чалавек. З-за абмежаваных запасаў лекаў прайсці лячэнне атрымаецца не ўсім. Zmapp называюць «сакрэтнай сыроваткай», таму што ён па-ранейшаму знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Аж да нядаўняга часу эфектыўнасць прымянення вакцыны на людзях была невядомая. Медыкі звярнуліся да яе, паколькі іншага прэпарата для лячэння віруса Эбола, ад якога загінулі ўжо больш за 1,5 тыс. чалавек, няма. З сямі чалавек, якія прымалі прэпарат, двое памерлі, не здолеўшы перамагчы вірус. У ходзе эксперыментаў па лячэнні віруса Эбола даследчыкі вывучалі ўздзеянне розных спалучэнняў антыцелаў.

Развіццё інфекцыі ў людзей праходзіць больш павольна, чым у жывёл, таму даследчыкі асцярожна выказалі здагадку, што сродак можа быць эфектыўны для чалавека і на дзявяты, і нават адзінаццаты дзень пасля заражэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?