Рок‑канцэрт у касцёле! Хто мог падумаць? Каму не хапала рок‑музыкі пад касцельнымі скляпеннямі? Мне!

Задумаў я той канцэрт трыццаць гадоў назад, седзячы пад скляпеннямі, у касцёле Успення Дзевы Марыі. Тады мала хто бачыў у паўразбураным баракальным будынку касцёл. Для мясцовых уладаў горада Мсціслаўля гэта быў помнік архітэктуры, у які збіраюцца адчыняць мастацкі музей. Для тамтэйшых гандляроў ён быў складам для гародніны, пограбам, дзе квасілася капуста і ладзілася засолка агуркоў. Старадаўнія сцены пасівелі ад солі. Перамалёўваючы анёлаў з музычнымі інструментамі, я думаў пра рок‑музыкаў. А калі сваім калегам‑рэстаўратарам я прапанаваў замест музея зрабіць канцэртна‑танцавальную залу, яны не зразумелі мяне. Не час. Тады быў час высяляць гандляроў салёнымі памідорамі з касцёльных сутарэнняў, час рабіць дакументацыю на аднаўленне будынка з ягонымі вежамі, калонамі і сценапісам. Але менавіта ў той час я задумаў свой рок‑канцэрт у касцёле.

Сто семдзесят пяць гадоў назад пабачыў свет раман «Сабор парыжскай Божай Маці». Пачынаецца твор з развагі пра слова АNАГКН — РОК па‑грэчаску. Слова «рок» нарадзіла раман‑сабор, так перакананы аўтар — Віктор Гюго. Нам застаецца паверыць яму, паверыць і прыняць той факт, што з таго часу кніга стала саборам.

Хвалі ўсёзнішчальных войнаў і людажэрных рэвалюцыяў пракаціліся па свеце. Раз’ятраныя натоўпы паўвар’ятаў руйнавалі цэрквы і разбівалі званы, палілі абразы. У запале сваёй рэвалюцыйнасці і ваяўнічасці вылюдкі ладзілі на плошчах і спальванне кніжак. Палымнелі саборы і гарэлі кнігі, рэчаіснасць курчылася ў агні. Зямля прагна піла чалавечую кроў. Ап’янеўшы ад вогненасці і крывавасці, зямля засынала.

Маё пакаленне прыйшло ў свет, дзе халодныя руіны сабораў пазіралі на людзей чорнымі прагаламі павыбіваных вокнаў. Мы глядзелі на саборы, а саборы глядзелі на нас і не бачылі нас. Трэба было зайсці ў руіны і запаліць там свечку, ці хоць бы лямпачку павесіць. А пад той лямпачнай трэба было заспяваць. Мы заспявалі рок. Мы аднавілі саборы. Мы выйшлі на плошчы і стадыёны. Мы стварылі новыя дзяржавы, лепшыя за папярэднія. Мы пражылі жыццё са сваёй песняю.

У свет прыйшлі новыя пакаленні. Шмат найлепшых з маіх раўналеткаў адплыло ў вечную цішыню. Нашы дзеці ходзяць у адноўленыя саборы, а нашых унукаў ужо ніхто не спяшаецца хрысціць. І цяпер, мне прапанавалі правесці рок‑канцэрт у касцёле. Канцэрт прысвечаны памяці аднаго з найлепшых маіх паплечнікаў, паэта Анатоля Сыса. Гэта — рок.

Былі запрошаны найлепшыя з нашых рокераў: Лявон, Кася, Руся, Хаменка і Памідораў. Чаму так мала? Каб не хапіла! Песняў было не шмат. Зноў жа‑ж, каб не хапіла, каб усе востра адчулі, як не хапае нам паэзіі, шчырасці, праўды, песні, музыкі і свабоды.

Канцэрт праходзіў цяжка.

Складанасці пачаліся з‑за журналістаў, якія прызвычаіліся зарабляць свае трыдцаць рублёў, пішучы пра забароненыя ўладаю мерапрыемствы. «А ці не забароняць ваш рок‑канцэрт?» — «А ці не прыдуць міліцыянты ў касцёл?» — «А ці адпавядае паэзія вальнадумца Сыса касцёлу?» — «А ці прагучаць пад хрысціянскімі скляпеннямі ягоныя вершы накшталт такога: які ж тады Бог, калі служкі — звяры?» «А праўда, што вершы Сыса выкінулі са школьнай праграмы за тое, што ён уваходзіў у суполку «Тутэйшыя»?» Правакатараў з іх гнюснымі пытаннямі я пасылаў да чорта. Абрыдлі яны мне. Я іх пасылаў, а яны лезлі і лезлі. Яны вырасталі проста з пад зямлі, і нават, калі я ўжо ішоў на сцэну, недарэчныя пытанні ўсё яшчэ ляцелі мне ў спіну.

Сладанасці з недарэчнымі пытаннямі журналістаў зусім і не складанасці ў параўнанні з капрызамі і паводзінамі рокераў.

Кася не хацела спяваць першай. Я настойваў, бо толькі адзін радок мог задаць патрэбную танальнасць усяму рок‑канцэрту, радок «Надта хочацца ў вырай, мая белая лебедзь!». Настаяў. Кася пагадзілася з адной умоваю, што мы пачакаем, калі ўсе рассядуцца, бо для гэтага радка патрэбна поўная цішыня. Таму і канцэрт пачаўся са спазненнем.

Капрызы Русі ляжалі ў іншай плоскасці, ёй не падабалася, што вакол яе круцяцца жанатыя мужчыны. Заляцанні і нават простая ўвага жанатых мужчын яе раздражняла. Раздражнёная рок‑спявачна — рэч небяспечная. З ёй трэба абыходзіцца тактоўна і асцярожна, а дзе ўзяць тактоўнасць, калі ўсе навокал узбуджаныя і нервовыя?

Лявон не зрабіў песню на словы Сыса. «Я спрабаваў, а ў мяне нічога не выйшла! І што, калі песні не будзе? Я ж прыйшоў, я буду спяваць… У нас жа не дзяржаўнае мерапрыемста з зацьверджаным сцэнарам?..» Добра. Што мы былі ў касцёле, дзе нельга лаяцца. Добра, што Кася згадала песню, якую некалі даўно яна спявала разам з Лявонам. Добра, што Лявон сеў у кутку і аднавіў тую песню. Майстра.

У Хаменкі было жаданне праспяваць не тры песні, а шэсць. Алег ніяк не мог зразумець, чаму гэта я не хачу паслухаць шэсць ягоных кампазіцый. Не ведаю, ці зразумеў ён мяне, ці проста пагадзіўся.

Ну а Памідораў не прыйшоў на рэпетыцыю. Ён нават на канцэрт ледзь не спазніўся. Прыехаў злы і растроены. Нешта‑нейкае не склалася ў ягоным побыце. Але ж у кожнага з нас нешта нейкае заўсёды нескладаецца. Ды трэба ўсё адно спяваць сваю песню і расказваць сваю гісторыю.

Я расказваў гісторыю, а рок‑н‑рольшчыкі спявалі. Рок‑канцэрт у касцёле прайшоў выдатна. Галоўнае: усе востра адчулі як нам не хапае паэзіі, шчырасці, праўды, песні, музыкі і свабоды.

 Адам Глобус

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0