Дызайнерка і архітэктар Аляксандра Баярына стварыла ўласны праект — серыю паралеляў вобразаў фэшн-індустрыі з беларускімі птушкамі.

Асноўная мэта праекта — паказаць, што неверагодна разнастайнае і яскравае адзенне магло нарадзіцца і ў Беларусі, бо ў нашай прыродзе мы маем усе неабходныя падказкі. 

Аляксандра лічыць, што толькі няўважлівасць і ўсвядомленае жаданне адчуваць сябе ў хвасце сусветных творчых працэсаў перашкаджае нам абапірацца і чэрпаць натхненне ў роднай прыродзе.

Няправільна думаць, што наша толькі тое, чаго няма ў другіх. Наша — гэта тое, чым тут жывем, на што тут глядзім і чым тут натхняемся. А калі ў кагосьці ёсць нешта падобнае, дык і хаты драўляныя ў тых жа геаграфічных шыротах падобныя. Падабенства не адмяняе каштоўнасці свайго.

Для праекту абраная вопратка з калекцый сусветна вядомых і мегапапулярных брэндаў: Issey Miyake, Etro,  Vera Wang, Ralph Lauren, Missoni, Dsquared і іншых. 

Валасяніца шэрая — звычайны для Беларусі від. Чым не асоба для натхнення беларускіх фэшн-творцаў?

 

Чапля малая белая — рэдкі залётны від, але ж залятае, так што можна смела далучаць лёгкі, падобны на паветра белы колер да спісу родных уласцівасцяў моды. 

 

Бусел — адзін з нацыянальных сімвалаў Беларусі. Адпаведна, такі чорна-бела-чырвоны камплект мусіць быць адным з улюбёных, родных беларускіх стыляў вопраткі. 

 

Жыць яскрава, смела, прыкметна, жыць так, каб сонечнае святло мружылася ад твайго з'яўлення на вуліцы! І адначасова жыць так, каб быць бліжэй да роднай прыроды. Абярыце жыццё ў стылі «Бусел»!

 

Беларускі чорны ў фэшн-індустрыі мог абраць інспірацыяй крумкача і грака.

 

Наш добры знаёмы шэры журавель натхняе на абаяльныя, мяккія вобразы. Апранацца пад жураўля — сучасна, модна і адначасова традыцыйна, бо блізка да роднай прыроды. 

 

Пліска жоўтагаловая. Упершыню на Бацькаўшчыне выяўлена ў 1982 г., пасля чаго да сярэдзіны 1990-х гадоў распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны. Вытанчаная пліска здольная натхніць і на вячэрнія сукенкі, і на паўсядзённую вопратку, і на хатнія тэпцікі. 

Таксама адзенне з роднымі, традыцыйнымі беларускімі колерамі. Гэтым разам мадэльераў натхняла яскравая птушка малінаўка

 

Кралька. Самец у гнездавы перыд з ярка-блакiтнай плямай на горле i грудзях, пад якой iдуць чорная ды iржавая палосы. Голас падобны на салаўёў, але больш хрыпаты. 

 

Кралька — неверагодна прыгожая і яскравая птушка. Усе гэта магло нарадзіцца ў Беларусі, калі б мы ўважлівей углядаліся ў наваколле. 

Дрозд-спявун — звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Злева арол стэпавы, арол-вужаед і арлец вялікі – справа спадары-сэрцаеды ў касцюмах ад Ralph Lauren. 

Гарадскі стыль месцічаў маглі б дыктаваць верабей дамавы і верабей палявы

Шчурок — птушка з выразным дымарфiзмам. У самца галава, грудзi i надхвосце кармiнавыя, у самкi галава i грудзi глiнiста-алiўкавыя, надхвосце папялiстае. 

Шпак ружовы залятае да нас рэдка, мог бы і часцей. Зімуе ў Індыі, Шры-Ланцы, на Нікабарскіх і Андаманскіх астравах. Такі прыгожы, што нават Кейт Мос не вытрымала.

 

Графічнасць і візуальная кідкасць удода толькі для пазітыўных і ўпэўненых у сабе месцічаў. Стыль жыцця «Удод»склаў бы добрую канкурэнцыю «Буслу». Аматары вясёлага і яскравага пасталі б перад складаным выбарам. 

 

Сава-бярозаўка магла быць пачынальнікам моды на прасторную, аб'ёмную вязаную вопратку. Птушка драпежная, мужчынам лепш асцерагацца з выгляду пяшчотных, нават кволых мініяцюрных дзяўчын. 

Авяльга — звычайны для Беларусі пералётны і транзітна мігрыруючы від. Самец амаль цалкам ярка-жоўты з чорнымi крыламi i часткай хваста. Самка i маладыя больш аднастайна афарбаваныя — зеленавата-жоўтыя. Дзюба чырвоная. 

Працягваць можна бясконца, бо прырода наша — найкаштоўнейшая крыніца натхнення.

Усе выкарыстаныя здымкі з інтэрнэту. Апісанне птушак з http://www.ptushki.org/guide.html

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?