Геаграфічная назва возера , якое працягвае расьці і сёньня, — Гінькава. Тутэйшыя кажуць — Правалішча. Але якая розьніца? Згінуць у вадзе ці праваліцца ў яе ў гэтым выпадку адно і тое ж.

Гаворыць Яніна Курашэвіч. Ёй сёлета 83 гады, жыве ў найбліжэйшай да возера вёсцы Барсукі:

— Мой тата памёр у 72 гады, яго бацька таксама пасьля 70‑ці. Апошні часта ўзгадваў, што ад старэйшых людзей чуў пра шыкоўны панскі палац і тутэйшы касьцёл, што разам зь берагам зваліліся назаўсёды ў возера Правалішча.

Пра існаваньне колішняга маёнтку сьведчыць яшчэ ацалелы падземны ход. Яго тут называюць пячорай, кажуць і пра нейкі падземны горад. Былі нават спробы дасьледаваць яго. Успаміны гэтых сьмельчакоў запісваў некалі Іван Волкаў — былы дырэктар школы ў вёсцы Псуя. Занатавана, што людзі запальвалі паходню й ішлі, пакуль яна ня тухла. Значыць, ужо не хапала кіслароду. Што сьмельчакі бачылі? Паўкруглую скляпеністую столь, тоўстыя дубовыя дзьверы, акаваныя жалезам, за дзьвярыма — пакоі.

У савецкі пэрыяд была спроба адшукаць у пячоры панскае золата. Марна. Раскопкі на глыбіні не пайшлі, бо грунт цьвёрды, а адпаведнай тэхнікі тады яшчэ не было. Не адважыліся чэкісты і на ўзрывы ў пячоры. Наверсе — вёска, хаты. Асьцерагаліся шырокага розгаласу пра сквапнасьць улады.

Цяпер ізноў разгараецца цікавасьць да возера Правалішча і яго навакольля. Любімая забаўка прыежджых — бачыць і слухаць, як спаўзае ад штуршка рукі камень. Ён не правальваецца адразу ў глыбіню, а коціцца, як колы па бруку, — моцна грукоча!

Возера Гінькава (Правалішча) — маладое. Ні на ім, ні ля яго няма забалочаных ці зарастаючых участкаў. У інстытуце геалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук зробленая выснова, што яно ўзьнікла як рэха нейкага землятрусу, што дакацілася і да Беларусі. Магчыма, зямля тут дала трэшчыну, якую запоўніла вада. Нездарма возера больш падобнае на шырокую раку, што цячэ ў горным каньёне.

Журналіст з Глыбокага Ўладзімер Скрабатун — аўтар шматлікіх публікацыяў пра возера Правалішча і яго сэнсацыі. Ён лічыць, што ўвесну тут адбудзецца турыстычны бум.

— На адной зь вершалінаў пагорку ўчэпіста трымаюцца ўжо крыху аголенымі каранямі тры вялікія дрэвы. Яны пакуль служаць адзнакай уваходу ў пячору. Але калі будзе лёд раставаць і вады ў возеры стане больш, яна падточыць апору пад дрэвамі. Абрынуцца дрэвы, спаўзе бераг і ў пячору, напэўна, хлыне вада з возера, — прагназуе Ўладзімер Скрабатун.

Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Глядзі яшчэ:
Фота і артыкул на сайце Radzima.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0