На Youtube з'явілася відэа збіцця фанатаў брэсцкага «Дынама», якія прыехалі 31 жніўня на матч чэмпіянату краіны супраць мясцовага «Шахцёра».

Як паведаміў пра выпадак сайт belultras.by: «Перад матчам «Шахцёр» (Салігорск) — «Дынама» (Брэст), які праходзіў у Салігорску АМАП у жорсткай форме, перад самым матчам, затрымаў прыблізна 20 фанатаў брэсцкага «Дынама», выкарыстаўшы да ўсіх фізічную сілу і паклаўшы ўсіх людзей тварам у асфальт. Пасля чаго па адным усіх прыхільнікаў «Дынама» загрузілі ў аўтазак і адвезлі ў РАУС, дзе іх пратрымалі да 23.30, пасля чаго пад канвоем ДПС і АМАПа правялі дамоў. Трэба адзначыць, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў фанаты не рабілі».

Як паведамілі БелаПАН ва УУС Мінскага аблвыканкама, у дачыненні да прыхільнікаў брэсцкага «Дынама» складзеныя 52 адміністрацыйныя пратаколы. Міліцыя зазначае, што ў пачатку другога тайма былі затрыманыя 26 брэсцкіх фанатаў. «Яны з крыкамі ішлі па вуліцы з абкручанымі бінтамі рукамі і з капамі ў роце. На патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў прайсці ў РАУС не рэагавалі. Ужыўшы сілу і спецсродкі, байцы АМАПа затрымалі фанатаў. У РАУС у дачыненні да затрыманых былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях на падставе артыкулаў 17.1 і 23.4 КоАП (дробнае хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Пасля гэтага да суда ўсе былі адпушчаныя», паведамілі БелаПАН ва УУС Мінаблвыканкама. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0