Выпадак адбыўся ў панядзелак у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці.
А 21-й гадзіне ў в. Карчавое нарад дарожна-патрульнай службы заўважыў «Фольксваген Гольф», у якога не працавалі заднія габарытныя агні. Інспектары ДАІ падалі сігнал аб спыненні аўто. Аднак «Фольксваген» толькі дадаў газу, працягнуўшы рух у бок Хойнікаў. Супрацоўнікі ДАІ пачалі пераслед. Неаднаразова праз гучнаўзмацняльнік імі агучвалася патрабаванне спынення. Тым не менш кіроўца па-ранейшаму сыходзіў ад пераследу, неўзабаве выехаўшы на паласу сустрэчнага руху, чым стаў ствараць рэальную пагрозу лабавога сутыкнення.
Для недапушчэння ўезду парушальніка ў горад было прынята рашэнне аб выкарыстанні табельнай агнястрэльнай зброі.
Прыцэльныя стрэлы ў задняе левае кола «Фальксвагена» пашкодзілі яго. Не даязджаючы 300 м да райцэнтра аўтамабіль спыніўся.
За рулём знаходзілася жанчына, якая ў прэтэнзійнай форме заявіла: «Чаго вы за мной гоніцеся?»
Яна катэгарычна адмовілася выйсці з аўтамабіля. «Алкатэст» паказаў, што ў крыві ў кіроўцы 2,2 праміле алкаголю. Таксама высветлілася, што яшчэ ў 2012 годзе жанчына была пазбаўлена правоў за кіраванне аўтамабілем у п'яным выглядзе. Акрамя таго, у яе не аказалася дакументаў на транспартны сродак.
У дачыненні да «беспраўніцы» складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў.