02.09.2014 / 16:49

Акружнасць таліі ў жанчын не павінна перавышаць 80 см, у мужчын — 94 см

Згодна з еўрапейскімі рэкамендацыямі па сардэчна-сасудзістай прафілактыцы, акружнасць таліі ў жанчын не павінна перавышаць 80 см, у мужчын — 94 см.

Аб гэтым паведаміла сёння журналістам вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» Вольга Паўлава.

Як вядома, на развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў ўплываюць атлусценне і цукровы дыябет. Таму важна правільна харчавацца і не дапускаць залішняй масы цела. Спецыялісты адзначаюць, што артэрыяльная гіпертэнзія развіваецца ў 6 разоў часцей ў тых асоб, хто не сочыць за сваім харчаваннем. Каб знізіць рызыку захворвання, трэба адмовіцца ад шкодных звычак і павялічыць фізічную актыўнасць. Рызыка сардэчна-сасудзiстых захворванняў павялічваецца і пры пасіўным курэнні. Верагоднасць захварэць у тых людзей, хто знаходзіцца ў адным памяшканні з чалавекам, які паліць, узрастае на 30%. Па дадзеных СААЗ, больш за тры чвэрці ўсіх смерцяў ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў можна было б прадухіліць, змяніўшы лад жыцця.

Па словах галоўнага пазаштатнага дзіцячага кардыярэўматолага Міністэрства аховы здароўя Ірыны Чыжэўскай, у Беларусі адзначаецца рост захворвання артэрыяльнай гіпертэнзіяй сярод дзяцей і падлеткаў. Такіх дзяцей і падлеткаў за апошнія 10 гадоў стала ў пяць разоў больш. На кардыялагічным ўліку ў Беларусі стаіць каля 52 тыс. дзяцей і падлеткаў.

У Беларусі больш за 1,9 млн жыхароў пакутуюць на артэрыяльную гіпертэнзію, палова з іх — людзі працаздольнага ўзросту. Больш за 1,23 млн пацыентаў знаходзяцца на дыспансерным уліку.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру