У нядзелю 2 сьнежня пачаўся адвэнт — літургічны перыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.

Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі з пастырскім лістом, які называецца «Быць гатовым да прыйсця Хрыста».

Чатыры тыдні перад Божым Нараджэннем — гэта час, прызначаны для падрыхтоўкі вернікаў да годнай сустрэчы нованароджанага Боскага Дзіцяці — Езуса Хрыста. Перыяд, якім распачынаецца новы літургічны год, называецца адвэнт. Гэтае лацінскае слова азначае сустрэчу надыходзячага Збаўцы.

Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкi да ўрачыстасцi Нараджэння Пана, калi ўзгадваецца першае прыйсце Хрыста, а таксама час, калi вернікі скiроўваюць свае думкi да другога прыйсця Хрыста на сканчэннi вякоў. Такім чынам, адвэнт — гэта час радаснага чакання. Перыяд адвэнту падзяляецца на дзве часткi: першая мае эсхаталагічны характар, а другая прысвечана непасрэднай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння. Дзень 17 снежня з’яўляецца мяжой гэтага падзелу.

Традыцыйнаю адметнасцю адвэнту з’яўляюцца святыя Iмшы, якiя называюцца «рараты». Iх назва паходзiць ад першых словаў спеву на ўваход — Rorate coeli («Крапiце, нябёсы, з вышыняў…») (пар. Iс 45, 8). Рараты — гэта святая Iмша, якая традыцыйна цэлебруецца на свiтаннi ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыi. У шматлiкiх парафiях вялiкая колькасць дзяцей збiраецца на гэтай Эўхарыстыi з лiхтарыкамi, зробленымi дома цi ў нядзельнай школцы.

У перыяд адвэнту ў касцёлах можна заўважыць змешчаныя на вянку 4 свечкi, якiя сiмвалiзуюць 4 нядзелi адвэнту. Адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасцi, якая ў любовi i радасцi чакае свайго Пана. Усе гэтыя адвэнтавыя сiмвалы нагадваюць вернікам, што неабходна паклапацiцца пра тое, каб унутрана, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння.

Адвэнт у сціслым сэнсе не з’яўляецца постам, перыядам пакаяння. Гэта — час радаснага чакання Езуса. Вернікі чакаюць часу Яго нараджэння і чакаюць Яго прыйсця напрыканцы часоў, калі будзе новае неба і новая зямля (пар. Ап 21, 1). Але рыхтуючыся да гэтага, яны робяць пэўныя пастановы, прымаюць на сябе дабравольныя абавязкі ўстрымання як падарунак Езусу і духоўнае практыкаванне па ўмацаванні сваёй волі ў добрым. Адвэнт, перажыты такім чынм, дапаможа з яшчэ большай радасцю сустрэць урачыстасць Божага Нараджэння.

catholic.by

У праваслаўных пост пачаўся 28 лістапада і будзе доўжыцца да 6 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0