Кампанія Harris Interactive правяла інтэрнэт-апытанне, у якім паспрабавала высветліць, колькі часу жанчыны з розных краін свету прыхарошваюцца перад люстэркам.

У незвычайным апытанні прынялі ўдзел 4069 жанчын ва ўзросце 18-40 гадоў. Вынікі даследавання былі досыць нечаканымі. Аказалася, што першае месца ў «рэйтынгу аматарак люстэркаў» занялі расіянкі. Так, у Расіі 57% жанчын праводзяць не менш за 45 хвілін перад люстэркам, перш чым адправіцца ў госці. Другое месца занялі датчанкі. Паводле дадзеных апытання, 49% жыхарак скандынаўскага каралеўства праводзяць ля люстэрка столькі ж часу.

Культуролаг Эмілія ван Хаўэн распавяла ў інтэрв'ю Metroxpress, што датчанкі гэтак жа ўважліва ставяцца да свайго знешняга выгляду, як і жанчыны Паўднёвай Еўропы, якія робяць эфектны макіяж, часта носяць аблягаючыя сукенкі і ходзяць на высокіх абцасах. Аднак, па яе словах, на поўначы Еўропы жанчыны хочуць, каб знешнасць адлюстроўвала іх натуру, яны імкнуцца быць самімі сабой. «Гэтае натуральнае аблічча, якое з'яўляецца скандынаўскім ідэалам прыгажосці, патрабуе значных намаганняў», — кажа спецыяліст.

На трэцім месцы ў рэйтынгу размясціліся брытанкі (44%), на чацвёртым — полькі (32%), пяты радок занялі немкі (26%). Далей ідуць іспанкі (25%), італьянкі (21%), турчанкі (21%). Францужанкі, хоць Парыж і называюць сталіцай моды, размясціліся ў канцы спісу (13%).

Агульная выснова, якую робіць Harris Interactive, абвяшчае: большую частку свайго вольнага часу жанчыны ўсіх краін марнуюць на выбар адзення і падрыхтоўку да свецкай падзеі.

Harris Interactive — амерыканская даследчая кампанія, якая спецыялізуецца на вывучэнні грамадскай думкі, сацыялагічных і маркетынгавых даследаваннях. Сусветны лідар у галіне онлайн-даследаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?