17.09.2014 / 21:51

10 парадаў, як стылёва апранацца, ад Аляксандры Баярынай + ФОТЫ 57

Вы сустракалі гэтую жанчыну? Гэта Аляксандра Баярына, архітэктарка. У яе можна вучыцца і густу, і смеласці. Таму серыю гутарак пра тое, як апранацца правільна, мы адкрываем з яе.

«Беларусы апрануюцца ўмеюць, — упэўненая Аляксандра Баярына. — Але стыль патрабуе часу і ўвагі. Нам жа няма калі! Большасць у горадзе апранута выпадкова, і прыгожым іх вобраз назваць складана. Ці ўзяць, напрыклад, свецкія мерапрыемствы. То недарэчна, то занадта эратычна апранутыя людзі. А вось моладзь добра апранаецца, адразу хочацца ўсіх стылёвых сфатаграфаваць».

НН: Якое адзенне ты сама любіш?

АБ: Люблю такое, што не камячыцца і не пэцкаецца. Яшчэ люблю, калі рэчы сябруюць. Вось, напрыклад, акуляры гэтыя купіла ў Мілане. Сумку ў Галандыі – убачыла яе і была ўпэўнена, што яна падыдзе да акуляраў. 100% трапіла. А завушніцы мне мая сястра падарыла, бо таксама калі ўбачыла іх, была ўпэўнена, што яны падыдуць. Яна таксама архітэктарка. Але насіць трэба не ўсё разам, спачатку сумку з завушніцамі, а наступным разам сумку з акулярамі. 

Асобная гісторыя для мяне — сустрэча з шэрай сукенкай, тканіна якой добра трымае форму. Такая асалода ствараць кожны дзень новы камплект з ёй. Тут я нічога новага не адкрываю, на фоне шэрага можна разгарнуць сотні каляровых гісторый, але ж як прыемна быць актыўным удзельнікам падобнай гульні. Прывяду толькі тры прыклады вобразаў: на шпацыр, на заняткі да студэнтаў, у тэатр. 

НН: Дзе ў сваю чаргу ты апранаешся? 

АБ: Вопыт падказвае, што паўсюль. Маю ўсялякія нагавіцы, раменьчыкі і касцюмы ад «Макс-Мара» і «Эскада», класічную сумку «Шанэль» і пластыкавую сумку «Фурла», яшчэ шмат з розных фірмовых крамаў. Паралельна спакойна купляю розныя а-ля брэнды, пашытыя ў Турцыі ці, наогул, невядома дзе. Маю рэчы з сэкандаў. Усё гэта ператусоўваю паміж сабой.

НН: А ці набываеш рэчы беларускіх дызайнераў?

АБ: Яшчэ як набываю! І з задавальненнем замаўляла б сукенкі пад канкрэтныя мерапрыемствы, адкрыцці і святы.

НН: Як ты лічаш, ці дапамагаюць брэнды выглядаць больш стылёва?

АБ: Некаторыя думаюць, калі накупляеш толькі дарагіх брэндаў, то у цябе з’явіцца стыль і шык. Бязглуздзіца. Паглядзіце на людзей, якія выходзяць з дарагіх аўто і заходзяць у прэстыжныя рэстараны. На іх адны брэнды. І шафы дома запоўненыя толькі брэндавым адзеннем. А выглядаюць ці недарэчна, ці занадта эратычна. Іх ратуе толькі пакупка адразу некалькіх рэчаў аднаго брэнда, якія дызайнер праектаваў як ансамбль. А стыль – гэта мажлівасць сабраць свой ансамбль з рэчаў зусім розных вытворцаў.

НН: Ці ўплывае выгляд на камунікацыю?

АБ: Рэдка бывае, каб выгляд, паводзіны, позірк, змест сказаных словаў не гарманіравалі з паводзінамі чалавека ў далейшым. Калі быць уважлівым, можна па дробязях пры размове скласці псіхалагічны партрэт асобы і прагназаваць яе паводзіны ў перспектыве.

НН: На твой погляд, якія дробязі ў гардэробе жанчыны робяць яе сапраўды раскошнай?

АБ: Аксэсуары. Ці іх адсутнасць. Але каб адсутнасць была бачная. 

Акрамя таго, думаю, што гэта характарыстыка ўзросту. Маладая дзяўчына не можа быць раскошнай, яна можа быць неверагоднай, нават самай прыўкраснай ў свеце, але да раскошнай ей яшчэ ісці і ісці.

А больш за ўсё шаную сілуэт. Выразны і дасканалы сілуэт – найвышэйшая візуальная асалода.

НН: Без чаго, напрыклад, ты не можаш абысціся?

АБ: Без выбару не магу абысціся. Калі няма чаго апрануць у варыянтах, такое адчуванне, што свет абрынуўся.

НН: А ёсць яшчэ страхі, звязаныя з адзеннем?

НН: Пужае мяне, што прыйдзецца насіць пантофлі «Эмілія Пучы» да старасці. Бо ім ужо гадоў 7, абувала я іх разоў 5. Выглядаюць яны як новыя. Можа знашу да пенсіі… А калі не? 

Батыльёны «Джузэпэ Заноці» таксама такія ж. Ляжаць гадоў 5, абувала разоў 8. І гэта я толькі на пачатку купчага шляху. 

Яшчэ страшэннае гора, калі накрывае цябе адчуванне, што ты не зможаш купіць усе цудоўныя рэчы, якія існуюць у свеце. Ты працавала, імкнулася да глыбіні даследваць катэгорыю прыўкраснага ў адзенні, а атрымліваецца, што дарэмна — ты для рэчаіснасці прыгожага не кіроўца, ты даволі неарыгінальная маленькая мурашка.

НН: Ці шмат увогуле ты траціш на адзенне, упрыгожванні?

АБ: Зараз няшмат, бо стала купляць адзенне адразу камплектам. На народзіны ўсё новае і на Новы год. Прабабуля распавядала, што раней яны так і жылі. На вялікія святы кожнай дзяўчынцы ў сям’і шылася новая сукенка. Добрае правіла, падтрымліваю.

Мае народзіны былі ў траўні. Рыхтавалася за некалькі месяцаў. Спачатку былі туфлі. Потым у Вільні купілі сукенку. І ўпрыгожванне на шыю. І капялюш таксама ў Вільні. 

Бюджэт — туфлі 60, сукенка 50, упрыгожванне 20 і шляпа 5 ці 8, бо ў сэкандзе. Так што ўсё танна — пад 140 даляраў. За такія грошы не заўсёды і турэцкую «брэндавую» сукенку купіш.

Наогул, упэўнена, што можна купіць усё таннае і выглядаць шыкоўна. Можа і не раскошна, але стылёва і незабыўна.

НН: Наколькі складана выпрацаваць свой ідэальны стыль?

АБ: Вельмі складана, можа, і немагчыма. Найбольшых поспехаў у распрацоўцы дасягаюць тыя, хто носіць усё чорнае.

НН: У чым беларусы могуць шукаць натхнення для сваіх вобразаў?

АБ: Натхнення мы мусім шукаць у сабе, у сваёй прыродзе, у сваёй гісторыі. Быць сабой і быць у гармоніі з асяроддзем — толькі так!

Гутарыла Вольга Гарапучык

0
Ірэна / Адказаць
17.09.2014 / 22:44
У маім архіве ёсць вокладка аднаго даўняга часопіса, назва "Германия" часоў СЭВ (союз экономической взаимопомощи). Фотамадэль, апранутая ў паласаты купальнік, у чырвоным капялюшы з палямі на фоне паласатага шэзлонгу пад паласатым парасонам ад сонца. Групы паралельных чырвона-белых палос адзення, шэзлонга і пляжнага парасона ў спалучэнні ўтваралі кампазіцыю кантрасных перпендыкуляраў. Так што, ідэя на першым фота - не новая.
1
Мінак / Адказаць
17.09.2014 / 23:15
усё, што мне, як мужчыну, не падабаецца ў жанчынах - на гэтых фотаздымках.
1
Доктар / Адказаць
17.09.2014 / 23:35
Калгас.
Паказаць усе каментары/ 57 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру