Пасол Беларусі ў Індыі і па сумяшчальніцтве ў Шры-Ланцы і Бангладэш Віталь Прыма ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Непала Раму Барану Ядаву.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, падчас гутаркі, што адбылася пасля цырымоніі, бакі адзначылі значны патэнцыял развіцця беларуска-непальскіх адносін, падкрэслілі гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, культурнай і адукацыйнай сферах, пацвердзілі неабходнасць актывізацыі і развіцця сувязяў паміж дзелавымі коламі дзвюх краін.
У межах рабочага візіту ў Непал Віталь Прыма таксама правёў перамовы з міністрам замежных спраў гэтай краіны Махендрам Бахадурам Пандэем і яго намеснікам. «Былі абмеркаваныя наяўны стан двухбаковых адносін і перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва Беларусі і Непала з акцэнтам на гандлёва-эканамічны складальнік. Бакі пагадзіліся з неабходнасцю актывізацыі беларуска-непальскіх адносін, у тым ліку ў галіне ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях і развіцця нарматыўна-прававой базы», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Падчас сустрэчы беларускага дыпламата з міністрам адукацыі Непала Чытрай Лекха Ядаў абмеркаваныя пытанні супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і магчымасці выкарыстання навукова-адукацыйнай базы Беларусі для падрыхтоўкі кадраў для Непала.