Зянон Пазьняк |
Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Расеі камэнтуе старшыня Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк.
«Выбары ў Расеі ўжо даўно ёсьць звыклай руцінай гэбізму — гэта значыць, сыстэмы ўлады, якая там усталяваная. Расейскія выбары прадказальныя, як дзень і ноч. Два моманты хацеў бы падкрэсьліць у сувязі з гэтай банальнай падзеяй. Выбары ў чарговы раз наглядна паказалі сутнасьць гэбізму, як карпаратыўнай улады кіроўнай групы КГБ. У Расеі створаная жорсткая калектыўная дыктатура, якая сьвядома дрэйфуе ў бок дзяржаўнага фашызму.
У Расеі якраз назіраецца вельмі небясьпечны зьбег абставінаў для разьвіцьця клясычнага фашызму. Настальгія па «вялікай імпэрыі», палітычныя паразы ў Прыбалтыцы, Украіне, Чачэніі, Грузіі, бездань паміж правінцыяй і сталіцай, паўсюдная крыміналізацыя грамадзтва, паўсюдная карупцыя ўлады, і пры гэтым — унікальная і абсалютная ўлада КГБ, які, трымаючы ў руках ніткі міжнароднага тэрарызму, істотна ўплывае на ўсясьветную палітыку, на цэны і разьмеркаваньне ўсясьветных энэргетычных рэсурсаў. У Расеі нават пасаду «нацыянальнага лідэра» падрыхтавалі. І сумуюць па Сталіну. Шчасьце яшчэ, што гушкаюць шэрага Пуціна. Бо калі б зьявіўся кліент «с отвагой во взоре», дык іншай была б і размова.